Пошук
Нядзельнае казаньне
|
панядзелак
ЛІСТАПАДА |
У Маскве развіталіся з протапрэзбітарам Віктарам Данілавым
10 снежня 2016 г. ў рыма-каталіцкай катэдры ў Маскве была адслужаная заўпакойная св. Імша за святой памяці протапрэзбітара Віктара Данілава – былога дэкана грэка-католікаў Беларусі, які адышоў да Госпада 7 снежня, на 90 годзе жыцця ў сваім родным горадзе Яраслаўлі.
Св. Імшу ўзначаліў архібіскуп-мітрапаліт Архіепархіі Маці Божай у Маскве Павел Пеццы ў саслужэнні генеральнага вікарыя архіепархіі - прэлата Сергія Цімашова, архімандрыта Сяргея (Гаека) з Мінска, а. Аляксандра Шаўцова з Полацка, настаяцела армяна-каталіцкай парафіі ў Маскве – архімандрыта Петроса Есаяна, а. Андрэя Зверава – дэлегата ардынарыя для каталікоў візантыйскага абраду ў Расіі біскупа Юзафа Верта ды 15-ці святароў лацінскага і візантыйскага абраду.
***
У сваёй гаміліі мітрапаліт Павел Пеццы назваў жыццё айца Віктара жыццём апостала, чалавека, які прысвяціў сябе поўнасцю абвяшчэнню Евангелля. «У тваім жыцці споўніліся словы, з якіх мы пачалі гэтую памінальную Імшу: тваё жыццё на самай справе было ўпрыгожана святым служэннем. І тыя, хто сустракаўся з табой, маглі бачыць ззянне, радасць, руплівасць гэтага служэння». Мітрапаліт Павел ўспомніў словы св. Яна Паўла II, які казаў, што ў служэнні дзеля Нябеснага Валадарства і пабудовы Царквы можна рабіць тры рэчы: маліцца, дзейнічаць і цярпець. «З гэтых трох самае эфектыўнае і прадуктыўнае – гэта цярпенне, калі яно аддадзена, прынесена ў ахвяру Хрысту. Гэтаму мы можам навучыцца, калі ўспомнім жыццё святара Віктара Данілава».
***
Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек), які прыбыў на адпяванне а. Віктара, у сваім слове адзначыў важнасць досведу, перажытага святаром ва ўмовах дыктатуры: «Прайшоўшы цярністы жыццёвы шлях, ён паказаў сапраўдны прыклад жыцця згодна з верай. Гэта вера, не плён інтэлектуальнай працы розуму выдатнага чалавека, але вынік поўнай адкрытасці Богу, на якую толькі быў здольны айцец Віктар, тады яшчэ проста студэнт тэхнічнай вучэбнай установы, які трапіў пад жорны пякельнай машыны сталінскіх рэпрэсій. Гэта вера, народжаная ва ўмовах выжывання ў сталінскіх лагерах, лагерах смерці. Айцец Віктар, які здабыў веру ў лагеры, сам стаў для многіх сведкам веры. Веры бескампраміснай і адкрытай, веры асвячальнай, якая перамагае і трыумфуе». «Тваё імя Victor – паходзіць ад слова victoria – перамога. Дзякуй Табе, што Ты нястомна стараўся наблізіць людзям поўную Перамогу Уваскрослага Хрыста - Victoria Christi», – - сказаў іерарх грэка-католікаў Беларусі – архімандрыт Сяргей.
***
«Айцец Віктар здабыў веру менавіта таму, што ён імкнуўся спазнаць праўду», – сказаў у сваім слове развітання а. Андрэй Звераў, які прадстаўляў ардынарыя для каталікоў візантыйскага абраду ў Расіі біскупа Юзафа Верта. «Ён прагнуў праўды, ён яе шукаў, і той, хто шукае – знаходзіць. Госпад даў яму найвялікшы дар – дар веры, і пакліканне да святарства. І да апошніх гадоў, нават калі ён быў ужо вельмі хворы, ён імкнуўся прапаведваць, сведчыць, вёў перапіску ў інтэрнэце са сваімі духоўнымі дзецьмі, таму што яго душа была напоўнена Богам і ласкай пасхальнай таямніцы. Зараз у айца Віктара новае служэнне: ён моліцца за нас на нябеснай Літургіі. У яго асобе мы здабылі, як я спадзяюся, вельмі добрага заступніка і малітоўніка ». Пахаванне а. Віктара Данілава адбылося 11 снежня 2016 г. у Яраслаўлі.
Інфармацыйная служба архіепархіі Маці Божай у Маскве
Фота Наталлі Гілёвай |
|
13.12.2016
|






Сёньняшняе чытаньне:
