Моладзь з усяго сьвету кожныя некалькі гадоў зьбіраецца ў розных краінах і на розных кантынентах, каб сустрэцца і памаліцца разам з Апосталам Пятром нашых часоў Сьвятым Айцом Папам Рымскім. Сёлета адбудуцца чарговыя Сусьветныя дні моладзі (СДМ) ў Сіднэі (Аўстралія). У СДМ з Беларусі прымае ўдзел група моладзі на чале з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Антоніем Дзям’янкам. З нашай парафіі разам з гэтай групай у Сіднэі ёсьць сэмінарыст Сяргей Раюнец.
Нажаль ня ўсе жадаючыя змаглі паляцець у Аўстралію, аднак кожны можа далучыцца да сустрэчы з Бенядыктам XVI у «беларускім Сіднэі». Ім стала мястэчка Івянец (60 км ад Мінска) на тэрыторыі Мінска-Mагілёўскай архідыяцэзіі. Грэка-католікі (сярод іх прадстаўнікі і нашай парафіі) ужо ёсьць у Івянцы, а некаторыя прыедуць заўтра, у суботу, 19 ліпеня.
«Беларускі Сіднэй» распачынаецца сёньня, 18 ліпеня, а 15.00 гадзіне, а заканчэньне будзе 20 ліпеня ў нядзелю. Заўтра, 19 ліпеня, а 11 гадзіне прадугледжаны тэлемост, які спалучыць Івянец і Сіднэй. Яшчэ адно прамое ўключэнне: а 2.00 гадзіне ўначы 20 ліпеня, калі Папа будзе служыць урачыстую Боскую Літургію, прамовіць казаньне, а таксама абвесьціць дату і месца правядзеньня наступнага Сусьветнага дня моладзі. Трансляцыі будзе папярэджваць Акафіст, які будзе сьпяваць грэка-каталіцкая моладзь.
Адметнасьцю сёлетняга дня моладзі стане канцэрт з удзелам знакамітых хрысьціянскіх музычных калектываў з Польшчы («Arka Noego» i «2 Tm 2, 3») і Беларусі («Небасхіл», «Ave», «Ruach» і інш.). Для выступоўцаў будзе пабудавана вялікая сцэна і забясьпечаны прафесійныя гук і сьвятло.
Кантактныя тэлефоны:
+375 293 843346 (а. Аляксандр)
+375 297 955351 (кс. Юры)
Паводле catholic.byФота radzima.org