Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ЛІСТАПАДА
Сёньняшняе чытаньне:

Айцец Віктар Данілаў, протапрэзбітар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы  


Айцец Віктар Данілаў, протапрэзбітар Беларускай Грэка-Каталіцкай ЦарквыПротапрэсвітэр Віктар Данілаў нарадзіўся 20 ліпеня 1927 году ў г. Яраслаўль (Расія). Па сканчэнні сярэдняй школы працаваў. Быў прыняты кандыдатам у сябры Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў). У 1947 годзе паступіў у Яраслаўскі педагагічны інстытут.

 

Цяжкое матэрыяльнае становішча савецкіх грамадзян, якое пагоршылася ў сувязі з неўраджаем 1946 году, выклікала ў грамадстве апазіцыйныя настроі, асабліва сярод моладзі. Многім здавалася, што для нармалізацыі жыцця неабходна толькі вярнуцца да так званых ленінскіх прынцыпаў. Студэнт Віктар Данілаў быў у ліку тых, хто крытыкаваў сталінізм з пазіцый “чыстага ленінізму”. Погляды і выказванні маладога апазіцыянера не былі не заўважаныя агентамі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. У чэрвені 1948 году Віктара Данілава арыштавалі і аддалі пад суд. За “антысавецкую агітацыю” ён быў пакараны зняволеньнем на 10 гадоў.

 

Тэрмін Віктар Данілаў адбываў у лагеры для асабліва небяспечных злачынцаў у Інце (Комі АССР). За спробу арганізаваць уцёкі з лагеру ён быў асуджаны на дадатковыя 10 гадоў. Вызвалены ў час хрушчоўскай “адлігі” ў 1955 годзе.

 

У зняволеньні сьветапогляд Віктара Данілава зведаў кардынальныя перамены. Ён адмовіўся ад атэізму і камунізму, зразумеў, што сталінізм арганічна вырастае з ленінізму. У лагеры Віктар Данілаў прыняў каталіцкае веравызнанне. У снежні 1955 году былы вязень аднавіўся на гістарычным факультэце Яраслаўскага педагагічнага інстытуту. Скончыўшы вучобу, яму давялося пазмагацца за тое, каб атрымаць дыплом, бо адміністрацыя інстытуту з увагі на рэлігійнасць Віктара Данілава вырашыла пазбавіць яго дакументу аб вышэйшай адукацыі. І атрымаўшы дыплом, актыўны каталік Віктар Данілаў вымушаны быў уладкоўвацца на працу электрамантажнікам. Не палепшылася яго становішча і пасля пераезду спачатку ў Вільню, а потым у Гродна. Камітэт дзяржаўнай бяспекі неаднаразова выклікаў яго на допыты, наладжваў ператрусы; на месцы працы ён не меў перспектывы росту і шанцаў на павышэнне заробку. Ьыў пазбаўлены права абараніць кандыдацкую дысертацыю.

 

Шчырая рэлігійнасць і ахвярнасьць Віктара Данілава былі ацэненыя ў Каталіцкай Царкве. На пачатку 1970-х гг. яму прапанавалі вучыцца на каталіцкага сьвятара візантыйскага абраду. У 1976 годзе Віктар Данілаў быў высвячаны на прэзбітара мітрапалітам нелегальнай Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Валадзімерам Стэрнюком. Па сьвятарскіх абавязках а. Віктар Данілаў аб’ездзіў амаль увесь Савецкі Саюз: Латвію, Літву, Сібір, Каўказ... У яго склаліся цесныя адносіны з такімі праваслаўнымі святарамі, як Дзьмітрый Дудко і Аляксандр Мень. Айцец Віктар Данілаў пісаў рэлігійныя працы для самвыдату.

 

У 1992 годзе – пасьля аднаўленьня адкрытай душпастырскай дзейнасьці ўніяцкіх парафій у Беларусі – а. Віктар Данілаў стаў пробашчам парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне.

У 1998 годзе ён прызначаны протапрэзбітэрам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

У 2000 году ў сувязі з пажылым узростам выведзены за штат. Вярнуўся на радзіму, дзе па меры магчымасьці працягваў несьці сьвятарскае служэньне.

 

Адышоў у вечнасьць 7 сьнежня 2016 г.


7.12.2016

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier