Сведчанне ўдзельніка грэка-каталіцкай пілігрымкі ў Велеград, Вену і Прагу.
1.Я меў нечаканую магчымасць удзельнічаць у грэка-каталіцкай пілігрымцы ў Велеград, Браціславу, Вену і Прагу.
Дзякуй Богу, я атрымаў больш, чым спадзяваўся. Мне падавалася, што мне прыдзецца перажыць некалькі службаў, магчыма, прайсьцісь па святым месцам. Але Хрыстос даў больш…
Я асабліва ўдзячны Богу, што сярод пілігрымаў сустрэў братоў у Хрысце… Мы сапраўды зжыліся разам і той духоўны вопыт быў вельмі намацальным.
Я адчуў сябе вельмі ўмацаваным з пункту гледжання тоеснасці - гонар і падзяку Богу за тое, што нарадзіўся беларусам, што жыў і жыву ў славянскім асяроддзі (і карыстаюся кірыліцай).
2. У Велеградзе мне запомнілася ікона Багародзіцы “Маці Еднасці” (Matka Jednoty) і малітва каля яе, шчырая і велічная. Падобна малітва пры саркафагу кардынала Тамаша Шпідліка - я быў моцна ўражаны, бо з захапленнем чытаў яго кнігі але ніколі не спадзяваўся, што айцец кардынал ёсьць пахаваны ў такім святым месцы і што буду стаяць каля ягонай магілы і думаць аб яго нязвычайных працах аб усходняй духоўнасьці.
3. У Вене мяне ўразіла магутнасць і веліч Боскай Літургіі ў катэдры св. Сцяпана, з нагоды 100-годдзя прыбыцця ў Вену мошчаў святамучаніка Язафата (Кунцэвіча), архібіскупа Полацкага, беларускага іерарха.
Сапраўды, літургія з удзелам патрыярха (першаіерарха Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы) захапіла мяне прыгажосцю, рытмам і колькасцю ўдзельнікаў (вялікі храм быў запоўнены).
Я падумаў, што сапраўды была толіка рацыі ў легендзе, што калі князь Уладзімір выбіраў паміж канфесіямі менавіта грэцкі абрад найбольш яму спадабаўся...
У Браціславе (дзе мы знайшлі начлег па дарозе ў Вену) я перажыў момант адчувальнасці ласкі Божай: як жа Хрыстос хоча маей адданасці Яму, што пасылае на маім шляху канкрэтных людзей, братоў у Госпадзе; Ён літаральна вядзе мяне за руку.
4. Прага, месцы звязаныя з Францішкам Скарынам - як жа яскрава цяпер мне выдаецца тое, што ён зрабіў – пачаў друкаваць Біблію для “люду паспалітага”,
на мове зразумелай.
Горад Прага – горад Скарыны, цудоўна адпавядае таму, што ён зрабіў, яго магутнай рэнесансавай упэўненасці, што чалавек есць годным лепшага жыцця і што для яго трэба мужна змагацца з абставінамі, з неадукаванасцю, цемрай бязглуздзіцы.
У Празе ў нядзелю, 13 лістапада ўрачыстая Літургія ў царкве святых Козьмы і Даміяна, з удзелам Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, двух дэканаў БГКЦ – а. Андруся Абламейкі з Мінска і а. Змітра Грышана з Віцебска, а таксама дыякана Вячаслава Гарчакова – каштоўнае сведчанне што беларускамоўныя хрысціяне ў гэтым горадзе разумеюць духовы ды інтэлектуальны “подзвіг” Францішка Скарыны.
5. Канешне, шчыра кажучы прысутнасць на пілігрымцы беларускамоўных землякоў напоўніла мяне новымі сіламі і рашучасцю ісці выбранным шляхом хрысціяніна – свядомага беларуса.
Асабліва карысным быў зваротны шлях, калі мы ўсе доўга размалялі на рэлігійныя тэматы. Шмат чаго карыснага я пачуў ад братоў. Адзін з іх распавеў гісторыю свайго навяртання: універсітэт, грэка-каталіцкі выкладчык... Гэтае сведчанне для мяне асабіста стала яскравым прыкладам таго, як кліча на жніво вялікае Сейбіт.
Богу выказваю ўдзячнасць за магчымасць удзелу ў пілігрымцы, за апеку нада мной, братам су-пілігрымам за супольны досвед веры.
Артур, Берасце