Віншавальнае Слова Старшыні Канферэнцыіі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды 420-годдзя абвяшчэння Брэсцкай Уніі
***
АРЦЫБІСКУП ТАДЭВУШ КАНДРУСЕВІЧ
Мінск, 16 кастрычніка 2016 г.
Архімандрыту Сяргею (Гаеку)
Апостальскаму візітатару
для грэка-католікаў Беларусі
МІНСК
Дастойны Архімандрыт Сяргей,
Пачэсныя Святары Манахі і Манахіні,
Дарагія вернікі Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі!
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі жадаю перадаць усім вам сардэчныя словы віншавання і духовай салідарнасці ў гэты час, калі адзначаеце 420 год абвяшчэння Брэсцкай Уніі на Сінодзе ў Брэсце.
Праз Акт царкоўнай Уніі на Сінодзе ў Брэсце 16-18 кастрычніка 1596 г. іерархі Усходняй Царквы і Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду на нашых землях атрымалі каштоўны Дар Божы – жыць і супрацоўнічаць дзеля збаўлення людзей ў поўнай царкоўнай Еднасці, у духу братэрства і салідарнасці.
Супольная душпастырская праца іерархаў і святароў Уніяцкай Царквы і Рыма-Каталіцкага Касцёла ў мінулым прынесла багаты плён у сферы духовага жыцця, адукацыі, культуры, архітэктуры, мастацтва.
У каталіцкіх святынях, перад цудадзейнымі іконамі згодна маліліся вернікі двух абрадаў і чэрпалі сілы да супольнага мужнага сведчання Евагелля – у часы супакою і ў часы пераследу.
Ужо больш за 25 год вернікі Грэка-каталіцкай Царквы і вернікі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі могуць зноў адкрыта вызнаваць каталіцкую веру і супольна сведчыць пра каштоўны Дар Еднасці, якой Хрыстос жадаў для ўсіх сваіх вучняў.
У гэтыя святочныя для вас дні, ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, хачу выказаць радасць з супольнага сведчання і супрацоўніцтва ўжо ў незалежнай Беларусі.
Гэта вельмі важна і каштоўна, што літургічныя і духовыя традыцыі – усходняя і заходняя – сумесна ўзбагачаюць духовае жыццё вернікаў нашай Бацькаўшчыны.
Праз заступніцтва Багародзіцы, супольна шанаванай вернікамі дзвюх традыцый, няхай усіх вас благаславіць Міласэрны Хрыстос Чалавекалюбец.
+ Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня ККББ