Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ЛІСТАПАДА
Сёньняшняе чытаньне:

Малітва за Беларусь – аўтар архім. Леў Гарошка  


Малітва за Беларусь – аўтар архім. Леў Гарошка

Сусьветны Ўладару, спрадвечны Божа,

Ты ўвесь сьвет стварыў і законы для ўсяго ўстанавіў,

кожнаму месца прызначыў, а род людзкі так бясконца палюбіў,

што Сына Свайго Адзінароднага паслаў на зямлю,

каб усе слухалі Ягоную навуку і, ідучы сьледам за Ім,

увайшлі ў Тваё нябеснае валадарства.

 

Мы, дзеці беларускага народу, як маглі, слухаліся Тваіх загадаў,

але дзеля чалавечае слабасьці часта падалі і зьневажалі Цябе сваімі грахамі. Цяпер молім Цябе шчыра: даруй нам нашыя правіны,

нашую нядбайнасьць у адносінах да сябе і да іншых;

даруй таксама тым, хто крыўдзіў нас і зьневажаў.

 

Барані нас ад крыўды варожае і дай нам і ворагам нашым

духа сапраўднае хрысьціянскае любові.

Дай нам еднасьць веры, згоду ў грамадзкім і сямейным жыцьці,

загаі нашыя асабістыя і народныя раны душы,

якія мы самі сабе ўчынілі, або ад непрыяцеляў атрымалі.

 

У нашым штодзённым жыцьці асьвяці наш розум

Тваім евангельскім сьвятлом, каб мы, захоўваючы Твае прыказаньні,

перамагалі ўсе цяжкасьці і цярпеньні і заўсёды Цябе бласлаўлялі.

 

Пашлі беларускаму народу ахвярных слугаў сваіх, якія праведным, сумленным і мудрым жыцьцём і дзейнасьцю вялі б яго да лепшае долі.

Дай нам сьвятое духавенства.

Блаславі нашы сем’і, каб у кожнай з іх дбалы бацька і ахвярная маці, злучаныя шчырай сьвятой любоўю, выхоўвалі Табе на славу,

а Бацькаўшчыне на карысьць сваіх дзетак.

 

Асаблівую ласку дай моладзі, каб яна атрымала глыбокае хрысьціянскае ўзгадаваньне і вырасла на карысных сыноў і дачок свайго народу.

 

Блаславі нашыя дачасныя дастаткі, ня дай гінуць марна тым талентам,

якія Ты пасылаеш у наш народ, але дай ім свабодна разьвіцца і закрасаваць Табе на славу і ўсяму людзтву на карысьць.

 

Блаславі працу сялянаў на ральлі, работнікаў у фабрыках, вучоных, пісьменьнікаў, мастакоў, каб з іхняй дапамогай беларускі народ

мог разумна і прыгожа жыць і разьвівацца.

 

Амін.


21.03.2018

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier