У царкоўным каляндары Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы 1 кастрычніка прыпадае свята Пакрова Багародзіцы. У гэты дзень грэка-католікі Беларусі пачалі “Месяц малітвы за Беларусь”.
На пачатак гэтай малітоўнай ініцыятывы ў Мінску, у парафіях Праведнага Язэпа і св. Міколы Цудатворцы а так сама ў парафіі Святога Духа адмысловыя Службы з малітвай за Беларусь прайшлі ўжо ў пятніцу 30 верасня ўвечары.
Парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі пачала месяц малітвы за Беларусь у суботу, 1 кастрычніка - на Боскай Літургіі свята Пакрова Багародзіцы.
Праграма малітвы прадбачае асаблівую “эстафету” на працягу месяца.
На першым тыдні кастрычніка 2016 г. у гэтую малітву ўключаюцца парафіі, парафіяльныя супольнасці (і вернікі што жывуць па-за парафіяльнымі структурамі) на тэрыторыі Усходняга дэканата Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы (вобласці Віцебская, Магілёўская і Гомельская).
У той жа час вернікі ўсіх грэка-каталіцкіх парафій і супольнасцей Беларусі будут маліцца за грэка-католікаў Усходняга дэканата.
Другі тыдзень кастрычніка 2016 г. мае характар агульнацаркоўны: будуць маліцца за Беларусь усе парафіі ды супольнасці Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы.
На трэцім тыдні эстафету малітвы за Беларусь пераймуць парафіі ды супольнасці Цэнтральнага дэканата (тэрыторыя г. Мінска і Мінскай вобласці).
Чацвёрты тыдзень кастрычніка 2016 г. будзе часам малітвы за Беларусь у парафіях і супольнасцях Заходняга дэканата.
Тэкстам, які асабліва выкарыстоўваецца вернікамі ў гэтай малітоўнай эстафеце з’яўляецца Акафіст Найсвяцейшай Багародзіцы і Акафіст Імю Ісусаваму (аўтарства Францішка Скарыны) а таксама традыцыйная “Малітва за Беларусь” аўтарства архімандрыта Льва Гарошкі.