Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ТРАЎНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Выстаўка беларускіх ікон, якія экспанаваліся ў музеях Ватыкана, адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі  


Выстаўка беларускіх ікон, якія экспанаваліся ў музеях Ватыкана, адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі29 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстаўка «Свет нябесны на зямлі», у якой экспануюцца каталіцкія, праваслаўныя і ўніяцкія іконы, а таксама алтарныя карціны, мастацкае ткацтва і прадметы літургіі XVII-XXI стст.

Асаблівасць выстаўкі ў тым, што ў яе склад увайшла большая частка ікон, якія экспанаваліся ў музеях Ватыкана з 18 мая па 25 ліпеня 2016 г. Міжнародны выставачны праект стаў буйнейшай падзеяй ў гісторыі беларускай культуры.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі прадстаўнік музея Ватыкана Гвіда Карніні, міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына і першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шэдзько.

У ліку прысутных з боку духавенства на выстаўцы былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і інш.



«Выстаўку беларускіх ікон у Ватыкане штодзень наведвала па 10 тысяч чалавек, — дадаў загадчык аддзела Візантыі музея Ватыкана Гвіда Карніні. — Беларускае мастацтва амаль невядомае ў Італіі, таму мы хацелі паказаць нашым наведвальнікам штосьці новае — беларускае мастацтва, створанае паміж Усходам і Захадам Еўропы. І мы радыя, што ўсё атрымалася». 

Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, выступаючы перад гасцямі і першымі наведвальнікамі падзякаваў дырэктару Нацыянальнага музея Уладзіміру Пракапцову і яго супрацоўнікам за падрыхтоўку экспазіцыі і за рэстаўрацыю твораў, «дзе праз малое можна ўбачыць штосьці вялікае». 



«У гэтых іконах заключана сутнасць жыцця людзей розных эпох. Гэта выстаўка — упрыгажэнне айчыннай культуры, а таксама магчымасць дакрануцца да духоўнай культуры беларускага народа, — заўважыў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел.

У сваю чаргу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў спадзяванні, што гэта выстаўка будзе спрыяць далейшаму развіццю адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, а таксама кансалідацыі беларускага народа.



Падкрэсліваючы важнасць выстаўкі, настаяцель Усіхсвяцкай царквы протаіерэй Фёдар Поўны зазначыў, што ў працах мастакоў, якія пісалі іконы, прадстаўлены чатыры стагоддзі беларускай гісторыі:

«Гэта быў супярэчлівы час. Але, як бачна, ужо тады склалася міжканфесійнасць, якая спадарожнічала за гэты час 17 пакаленням беларусаў. І нягледзячы на розныя выпрабаванні, беларуская душа жыве ў адзінстве з хрысціянскімі ідэаламі дабрыні, міласэрнасці і цнатлівасці».

Іканапіс розных канфесій — падабенства і адрозненне 

На выстаўцы прадстаўлены творы са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і іконы сучасных іканапісцаў, якія працягваюць старажытныя традыцыі Візантыі і краін Балканскага рэгіёна.

Арганізатары адзначаюць, што ў сваім праекце яны імкнуліся на прыкладзе твораў мастацтва розных канфесій паказаць падабенства і адрозненне ў трактоўцы рэлігійных сюжэтаў, а таксама акцэнтаваць увагу гледача на крыніцы фарміравання хрысціянскай культуры.

Да прыкладу, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва на выстаўцы прадстаўлена каталіцкімі арнатамі з тканін заходнееўрапейскай вытворчасці, прадметамі касцёльнай літургіі — алтарнымі крыжамі, патэнамі, акладамі ікон і г.д.

Сакральныя творы мастацтва даюць уяўленне пра асаблівасці фарміравання беларускага мастацтва ў складаным узаемадзеянні з культурамі Захаду і Усходу. 

Выстаўка працягне сваю працу да 30 студзеня 2017 года.

Падрыхтаваў Ілья Лапато, фота аўтара і Міколы Новікава, Catholic.by


30.09.2016

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier