Пошук

Каляндар

 

З'явілася беларускае выданне кнігі Папы Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць”  


З'явілася беларускае выданне кнігі Папы Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць”Кніга-інтэрв’ю Папы Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць” (Il nome di Dio è Misericordia) з’явілася па-беларуску. 


Ініцыятарам выдання выступілі: Віцебская дыяцэзія – менавіта ёй Ватыканскае выдавецтва і італьянскае выдавецтва “Piemme” перадалі правы на беларускі пераклад, – Грэка-каталіцкая парафія святамучаніка Язафата ў Полацку (адказны за выпуск а. Аляксандр Шаўцоў, рэдактар выдання а. Андрэй Буйніч) і Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Пераклаў кнігу з італьянскай мовы супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Аляксандр Панчанка. Кніга выйшла ў выдавецтве “Медысонт” у Мінску накладам 950 асобнікаў. 

 

Падтрамаў выданне кнігі-інтэрв’ю Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. 

 

З'явілася беларускае выданне кнігі Папы Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць”“У размове з ватыканістам Андрэа Тарніелі папа Францішак, праз успаміны з маладосці і кранальныя эпізоды са свайго пастырскага досведу, тлумачыць прычыны абвяшчэння Надзвычайнага Святога Году Міласэрнасці. У кожнай старонцы кнігі адчуваецца прагненне дасягнуць усіх тых, якія шукаюць сэнс жыцця, шлях супакою і прымірэння, ацалення духоўных і фізічных ранаў. Не ўпускаючы з увагі этычныя і багаслоўскія пытанні, Францішак падкрэслівае, што Касцёл не можа зачыняць дзверы ні перад кім”, - гаворыцца ў анатацыі да кнігі і дадаецца, што яна “прызначана для шырокага кола чытачоў”.

 

Набыць кнігу можна будзе ўжо праз тыдзень. Упершыню яна з’явіцца ў кіёсках на ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, якія пройдуць 19-20 жніўня 2016 г. Там адбудзецца і яе прэзентацыя, якую правядзе кс. д-р Мікалай Ціхановіч, які быў кансультантам яе беларускага перакладу.

 

Сусветная прэм’ера кнігі-інтэрв’ю “Імя Бога – Міласэрнасць” прайшла ў Рыме 12 студзеня 2016 г. Гэта, практычна, размова, якую правёў з Папам італьянскі журналіст-ватыканіст Андрэа Тарніелі, задаючы Францішку 40 пытанняў.

 

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё


13.08.2016

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier