Пошук

Каляндар

 
пятніца
КРАСАВІКА
Сьветлая пятніца

Казаньні і гаміліі Свята Перамянення Госпада нашага Ісуса Хрыста  


1. 6-га жніўня Царква святкуе свята Перамянення Госпада нашага Ісуса Хрыста. Якое значэнне мае гэта дванадзесятае свята для нас, якім чынам набліжае яно да нас Евангелле і як тлумачыць яго?

 

Заўважма, што першапачатковай мэтай узыходу на гару была малітва. Ісус бярэ вучняў ды ўзыходзіць на гару, каб памаліцца. Перамяненне, якое адбываецца з Ісусам - гэта ўжо наступства Ягонай малітвы. Некаторыя Айцы Царквы сцвярджаюць, што гэта не Ісус перамяніўся (бо не меў у гэтым патрэбы), але самі вучні перамяніліся і змаглі пабачыць славу Госпада.

 

2. Так ці інакш, у традыцыі Царквы свята Перамянення - гэта свята духоўнага, містычнага вопыту, які атрымлівае хрысціянін на дарозе малітвы. Гісторыя Перамяння Хрыста вучыць нас адрозніваць сапраўдны духоўны, містычны досвед ад фальшывага, ад містыцызма і экзальтацыі.

 

Малітва, духоўнае жыццё - гэта дар, а дар заўсёды даецца хрысціяніну, каб служыць іншым людзям. Вось таму Ісус не слухае рады апостала Пятра і не застаецца на гары, але зыходзіць з яе, каб ісці далей у Ерусалім, і каб быць там укрыжаваным за грахі свету.

Не сакрэт, што Перамяненне стаецца своеасаблівай падрыхтоўкай вучняў да пакутаў і крыжовай смерці Ісуса Хрыста. Менавіта Яго зыход ёсць тэмай размовы Ісуса, Майсея ды Іллі. Пра гэты «зыход», зрэшты, мы сёння і спяваем кандак:

 

«Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, і вучні Твае ўбачылі славу Тваю, наколькі ім магчыма было, каб пасля, убачыўшы Цябе ўкрыжаванага, маглі зразумець дабравольныя Твае цярпенні і свету аб'явіць, што Ты - сапраўды ззянне Айца.»

 

3. Папа Бенядыкт XVI у сваёй кнізе «Ісус з Назарэту» звяртае ўвагу, што гэта падзея цесна звязана з іншай падзеяй - вызнаннем апостала Пятра ў Кесарыі Піліпавай. Тады Пётр вызнае Ісуса Сынам Божым, у падзеі ж Перамянення вучні атрымліваюць вопытнае пацвярджэнне пятровага вызнання.

Такім чынам перад намі паўстае своеасаблівы шлях духоўнага ўзрастання: ад вызнання Ісуса Хрыста да Яго духоўнага пазнання.

 

Гэткім чынам і мы, якія сёння святкуем, знаходзімся ў духоўны спосаб на гары Фавор ды ў пакоры звяртаемся да Ісуса, каб і нам прасвятліцца Яго перамяненнем не для ўласнай карысці ці задавальнення, а дзеля таго, каб несці святло Хрыста іншым людзям.

Будзем памятаць, што нашае перамяненне з Хрыстом накладае на нас адказнасць быць вернымі Яму не толькі ў дні радасці, але таксама ў дні суму.

 


Аўтар - а. Андрэй Буйніч

29.07.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier