Пошук

Каляндар

 
пятніца
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

НЯДЗЕЛЯ МАЛІТВЫ ЗА БЕЛАРУСЬ  


НЯДЗЕЛЯ МАЛІТВЫ ЗА БЕЛАРУСЬНядзеля пасля Пасхі - "Нядзеля Божай Міласэрнасці", якая сярод беларускіх грэка-католікаў традыцыйна адзначаецца як свята Хрыста Чалавекалюбца, заканчвае 9 дзён (навену) малітвы за Беларусь.

 

Гэта навена пачалася ў Вялікую Пятніцу 25 сакавіка 2016 г. - у гэтым годзе свята Дабравешчання Багародзіцы.

 

У Нядзелю Божай Міласэрнасці ў грэка-каталіцкіх парафіях урачыста чытаецца "Малітва за Беларусь" - аўтарства архімандрыта Льва Гарошкі.

 

***

 

 

Малітва за Беларусь


Сусветны Ўладару, спрадвечны Божа, Ты ўвесь свет стварыў і законы для ўсяго ўстанавіў, кожнаму месца прызначыў, а род людзкі так бясконца палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага паслаў на зямлю, каб усе слухалі Ягоную навуку і, ідучы следам за Ім, увайшлі ў Тваё нябеснае валадарства. Мы, дзеці беларускага народу, як маглі, слухаліся Тваіх загадаў, але дзеля чалавечае слабасці часта падалі і зневажалі Цябе сваімі грахамі. Цяпер молім Цябе шчыра: даруй нам нашыя правіны, нашую нядбайнасць ў адносінах да сябе і да іншых; даруй таксама тым, хто крыўдзіў нас і зневажаў. Барані нас ад крыўды варожае і дай нам і ворагам нашым духа сапраўднае хрысціянскае любові. Дай нам еднасць веры, згоду ў грамадзкім і сямейным жыцці, загаі нашыя асабістыя і народныя раны душы, якія мы самі сабе ўчынілі, або ад непрыяцеляў атрымалі. У нашым штодзённым жыцці асвяці наш розум Тваім евангельскім святлом, каб мы, захоўваючы Твае прыказанні, перамагалі ўсе цяжкасці і цярпенні і заўсёды Цябе бласлаўлялі. Пашлі беларускаму народу ахвярных слугаў сваіх, якія праведным, сумленным і мудрым жыццём і дзейнасцю вялі б яго да лепшае долі. Дай нам святое духавенства. Блаславі нашы сем’і, каб у кожнай з іх дбалы бацька і ахвярная маці, злучаныя шчырай святой любоўю, выхоўвалі Табе на славу, а Бацькаўшчыне на карысць сваіх дзетак. Асаблівую ласку дай моладзі, каб яна атрымала глыбокае хрысціянскае ўзгадаванне і вырасла на карысных сыноў і дачок свайго народу.

 

Блаславі нашыя дачасныя дастаткі, ня дай гінуць марна тым талентам, якія Ты пасылаеш у наш народ, але дай ім свабодна развіцца і закрасаваць Табе на славу і ўсяму людзтву на карысць. Блаславі працу сялянаў на раллі, работнікаў у фабрыках, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, каб з іхняй дапамогай беларускі народ мог разумна і прыгожа жыць і развівацца.

Цябе, Усячыстая Багародзіца і нашая нябесная Маці, просім: пакрый нашу краіну Тваім святым покрывам і будзь нашай апякункай і заступніцай. І ты, святая Еўфрасіння, асветніца Беларусі, і ўсе святыя заступнікі беларускага народу, маліцеся за нас няспынна, каб мы сталіся народам святым, які выконвае волю Божую і сваё пасланство, і каб мы ўнеслі свой уклад у агульнае дабро тут на зямлі, а ў прышлым жыцці атрымалі вечнае шчасце і няспынна аддавалі славу, пашану і пакланенне Богу ў Тройцы адзінаму, Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

 

Аўтар – архім. Леў Гарошка

 


2.04.2016

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier