Грэка-католікі традыцыйна моляцца за Беларусь
У гэтым годзе ўрачысты ўспамін Хрыстовых пакутаў і смерці ў Вялікую Пятніцу супадае ў календары са святкаваннем Дабравешчання Багародзіцы. (У візантыйскай літургічнай традыцыі ў такім выпадку свята Дабравешчання не пераносіцца).
Яго Святасць Папа Францішак напісаў у буле Misericordiae Vultus, што Багародзіца, якая праз ”найвышэйшы акт прабачэння таго, хто Хрыста ўкрыжаваў, паказвае нам, як далёка можа сягаць Божая Міласэрнасць. Дзева Марыя пацвярджае, што міласэрнасць Божага Сына не ведае межаў і даходзіць да ўсіх без выключэння”.
***
Свята Дабравешчання Багародзіцы з’яўляецца традыцыйна ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве днём малітвы за Беларусь.
“У гэты дзень Ісус Хрыстос праз Уцелаўленне выбраў сабе бацькаўшчыну. Мы молімся за нашую Бацькаўшчыну – Беларусь”, паўтараў з гэтай нагоды а. Ян Матусевіч.
“Цябе, Усячыстая Багародзіца і нашая нябесная Маці, просім: пакрый нашу краіну Тваім святым покрывам і будзь нашай апякункай і заступніцай”.
Малітва за Беларусь (архім. Льва Гарошкі).