У Слоніме, 9 сакавіка 2016 г., на 87 годзе жыцця, памёр святой памяці Васіль Лазар.
Дзяцька Васіль разам са сваёй жонкай Яўгеніяй ў часы савецкага бязбожжа і забароны Грэка-Каталіцкай Царквы аддана трымаліся сваёй грэка-каталіцкай веры. З верасня 1968 па 1986 год рэгулярна прымалі ў сваёй хаце ў Слоніме святароў, якія працягвалі служэнне ва ўмовах падполля. На працягу дзесяцігоддзяў апекаваліся магіламі грэка-каталіцкіх святароў і манахіняў пахаваных у Альбярціне. Маліліся за адраджэнне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Яны змаглі выхаваць у веры сваіх дзяцей ды ўнукаў, перадалі ім любоў да Бога. Дачакаліся новага адраджэння Царквы.
10 сакавіка 2016 г. абрад паховінаў адслужыў а. Андрусь Абламейка, душпастыр слонімскіх грэка-католікаў. Боскую Літургію ў альбяцінскім касцёле ўзначаліў дэкан Заходняга дэканата БГКЦ, протапрэзбітар Андрэй Буйніч у саслужэнні айца Андруся Абламейкі і айца Андрэя Крата, пробашча грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гародні, а таксама дыякана Вячаслава Гарчакова з Івацэвічаў.
Падчас Літургіі айцец дэкан зачытаў Пастырскае слова Апостальскага візітатара, скіраванае да ўдавы памерлага і ягонай сям’і.
Ты, Госпадзе Ісусе Хрысце – уваскрасенне, жыццё і супакой
спачылага слугі Твайго Васіля.
Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара БГКЦ
на развітанне з новаспачылым слугам Божым Васілём
Узлюбенная ў Госпадзе Сястря Яўгення Дзмітыеўна,
праз пасрэдніцтва вашага параха, пачэснага а. Андрэя, накіроўваю да Вас гэтыя словы хрысціянскага суцяшэння ды хачу заверыць Вас ды ўсіх удзельнікаў гэтай заўпакойнай Службы, што малітвамі нашай Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы абдымаем душу новаспачылага слугі Божага Васіля.
У гэты момант зямнога развітання з Васілём дзякуем Госпаду за ягонае жыццё, жыццё ціхае, напоўненае верай у Бога ды глыбокім духовым супакоем, жыццё напоўненае любоўю да роднай усходняй Царквы ды да Беларусі і ўсёй ейнай духоўнай спадчыны.
Новаспачылы Брат Васіл, ваш муж, бацька хрысціянскай сям’і, прайшоў цярністы жыццёвы шлях, але стараўся ён заўжды захаваць веру ў Бога, як фундамент свайго жыцця.
Вера ў Бога, якую вы разам вызнавалі, дазваляла яму і Вам захаваць мужнасць у часы, калі бязбожныя сілы змагаліся з веруючымі ў Бога. Васіль клапоціўся не толькі пра асабістую веру, але мужна стараўся і іншым памагаць на шляху веры. Такім чынам ваш дом, вашая скромная хата, сталася месцам, дзе ў час бязбожжя шмат людзей магло сустрэцца з багацтвам веры.
У час забароны веры вы мужна разам аказвалі гасціну грэка-каталіцкім святаром, якія здалёк прыбывалі ў Слонім, каб духова акармляць людскія душы, каб слыжыць Боскую Літургію.
Маці Божая, якую вы разам ушаноўвывалі ў Жыровіцкай Іконе, што у Слонімскім касцёле, выпрашвала Васілю дар мужнасці і супакою.
Сёння, у Рыме, перад той жа Жыровіцкай Іконай Маці Божай, я яднаюся з вамі ў малітве:
З духамі спачылых праведнікаў душу заснулага слугі Твайго, Збавіцелю, супакой
і захавай яго ў шчасьлівым жыцьці, што ў Цябе, Чалавекалюбча.
У сялібах Тваіх, Госпадзе, дзе ўсе праведнікі спачываюць, супакой і душу слугі Твайго Васіля,
бо Ты адзіны Чалавекалюбец.
Адзіная чыстая і бязьвінная Дзева, што нарадзіла бяз семя Бога,
маліся за збаўленьне душы яго.
Рым, 10 сакавіка 2016 г.
+Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі візітатар БГКЦ