Пра што навучаў а. Леў Гарошка?
Прозвішча архімандрыта Льва Гарошкі вядомае ў колах БГКЦ у краіне і за мяжой. Не заўсёды, аднак, за гэтым стаяць таксама веды пра ягонае навучанне.
Прадстаўленне ўсіх зацікаўленасцяў а. Льва патрабавала б напісання асобнай кнігі. Можна ўсё ж зрабіць пэўную спробу зарысу галоўных тэмаў на падставе хаця б ягоных артыкулаў у часопісе “Божым Шляхам”.
Перад гэтым жа варта ўзгадаць асноўныя факты з жыцця святара, бо яны маюць свой уплыў на навучанне.
Біяграфія
Леў Гарошка нарадзіўся 26 лютага (11 сакавіка паводле новага каляндара) 1911 г. у в. Трашчыцы, у сям'і афіцыйна праваслаўнай, але з уніяцкімі традыцыямі. Ад маладосці ён быў зацікаўлены здабываннем ведаў. Пасля сканчэння сямігодкі ў Міры паступіў у Беларускую Наваградзкую гімназію, дзе ўмацавалася ягоная беларуская самасвядомасць і захапленне айчыннай культурай.
Наконт сваёй будучай прафесіі Леў Гарошка ад дзяцінства меў дзве думкі: стаць альбо лекарам, альбо інжынерам-механікам. Замест спаўнення гэтых планаў па заканчэнні сярэдняй адукацыі малады Гарошка праз пасярэдніцтва дырэктара гімназіі Я. Цеханоўскага і А. Луцкевіча апынуўся ў Грэка-Каталіцкай Багаслоўскай Акадэміі ў Львове. Пры гэтым не было ніякіх "адрачэнняў" ад праваслаўя -- скасаванне ўніяцтва належала да царскіх актаў, накінутых гвалтам і таму непрызнаваных хаця б вучнямі той жа Беларускай гімназіі. Ужо падчас навучання ў Акадэміі студэнт Леў Гарошка рабіў даклады пра грамадскае і рэлігійнае жыццё Беларусі.
На святара Леў Гарошка быў высвечаны ў Львове 17 кастрычніка 1937 г. грэка-каталіцкім біскупам Мікітам Будкам. Ён адразу пачаў сваё служэнне ў Любешове і Угрынічах, а пасля быў пераведзены ў в. Гародна. Усюль аднак паўставалі клопаты з боку польскае ўлады. Пасля чарговых зменаў месца служэння а. Леў патрапіў у Баранавічы, дзе працаваў ў медычнай школе, у рэдакцыі газетаў, у розных беларускіх арганізацыях.
У 1944 годзе разам з хваляй беларускай эміграцыі апынуўся ў Берліне, дзе адразу арганізаваў беларускае душпастырства. Пасля, праз Мюнхен, у 1945 г. патрапіў у Рым, дзе прабыў да кастрычніка 1946 году, увесь час працуючы для беларускіх эмігрантаў.
У 1946 годзе а. Леў быў прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. У Парыжы адкрыў рэлігійны цэнтр, займаўся душпастырствам, грамадскай дзейнасцю, пачаў выдаваць часопіс "Божым шляхам".
У 1959 годдзе а. Леў уступіў у ордэн марыянаў. На працягу пэўнага часу быў суперыёрам марыянскага дому ў Лондане. 16 снежня 1965 г. рашэннем Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў быў узвышаны ў сан архімандрыта. Ад 1970 году і аж да сваёй смерці 28 ліпеня 1977 году а. Леў быў дырэктарам Беларускай праграмы Ватыканскага Радыё.
Зарыс навучання а. Льва
Гарызонт зацікаўленасцяў а. Льва Гарошкі быў так шырокі, што цяжка было б вызначыць, якія тэмы яго найбольш натхнялі. Адно можна сказаць напэўна – а. Леў быў усім сэрцам адданы Беларусі ды беларусам і абсалютная большасць як пісьменніцкай, так і грамадскай яго актыўнасці датычыла суайчыннікаў: тых, што жылі ў Савецкім Саюзе, і тых, каго жыццё ўчыніла эмігрантамі.
Да тых першых а. Гарошка неаднаразова кіраваў словы ўмацавання ў веры. Нагадваў, што савецкая антырэлігійная прапаганда не мае ў сабе навуковых падставаў. Часта пісаў пра тое, як моцна звязаныя паміж сабою вера і навука. Падаючы прыклады многіх веруючых вучоных, паказваў, што шчырае здабыванне ведаў вядзе да прызнання існавання Бога-Створцы. А. Леў моцна супрацьставіўся матэрыялістычным плыням, папярэджваючы, што аздараўленьне грамадскага ладу “павінна аперціся не на прамінаючых і няпэўных каркаломных тэорыях, але на вечных праўдах, якія ёсьць адзінока праўды Божыя – гэта вечна сьвежае паветра для душы чалавека”.
А. Гарошка моцна лучыў паміж сабой веру ў Бога і маральнае жыццё, паказваючы іх узаемазалежнасць. Падкрэсліваў, што за разумовым прыняццем хрысціянскага навучання павінна ісці прагненне маральнае дасканаласці, бо “тайны веры выяўляюць запраўдную. вартасьць чалавека ў адносінах да Бога, да сусьвету і да самога сябе” і “напаўняюць надзеяю на асягненьне вечнае Праўды і вечнага шчасьця”. Адначасова звяртаў увагу на тое, што занядбанні ў маральным жыцці вядуць у рэшце рэшт да адкідання самой веры.
Агульна трэба заўважыць, што навучанне наконт жыцця згоднага з Божымі прыказаннямі, вартасці выбару Хрыста, значэння маральнасці належала да тэмаў часта і ахвотна ўздыманых а. Львом. Нагадваючы біблійны вобраз двух шляхоў: паслушэнства Богу альбо заспакойванне нізкіх інстынктаў любым коштам – святар падкрэсліваў ролю вольнае волі чалавека. Шматразова паказваў, што “душа ня толькі перавышае, ня толькі можа панаваць над целам, але запраўды над ім пануе, валадарыць над ім”. Быў аднак жа свядомы, як часта чалавек выбірае лёгкі шлях, каторы вядзе ў пекла, і імкнуўся перасцерагчы перад гэтым, пераконваючы аб шчасці, якое чакае вытрывалых і верных у Божым Валадарстве.
Навучанне а. Льва датычыла не толькі справаў асабістых паміж чалавекам і Богам. Многія тэксты ўздымалі справы агульнаграмадскія, як праблема вайны і супакою, месца Царквы ў свеце, адносінаў паміж рэлігіяй і палітыкай альбо культурай. Шматлікія артыкулы былі сіламоц скіраваныя да эмігрантаў – спецыфічнай групы, душпастырствам якой а. Леў займаўся асабліва. Між іншым, спрабаваў ён знайсці сэнс гэтай цяжкой сітуацыі і задаваўся пытаннем: “Дык ці не таму Бог параскідаў гэтых людзей з-па-за межаў таго бязбожнага «раю на зямлі» па-за межамі гэтага «раю» каб перасьцерагчы рэшту сьвету і каб даць магчымасьць уважней прыглянуцца да свайго жыцьцёвага шляху, каб і ім ня прышлося ісьці гэткім цярністым шляхам?”
Апроч парушання тэмаў упрост рэлігійных, святар рабіў агляды хрысціянскага жыцця Беларусі, пісаў артыкулы пра яе гісторыю і культуру, збіраў беларускі фальклор, а таксама сам прычыняўся да развіцця айчыннай літаратуры, творачы апавяданні пад псеўданімам Анатоль Жменя.
Часопіс “Божым Шляхам” быў толькі адным з “амбонаў”, з якіх прамаўляў а. Леў Гарошка. Варта ўзгадаць, што ён з’яўляецца аўтарам такіх кніг, як “Душа”, “Навука і рэлігія”, “Беларусь у датах, лічбах, фактах”, “Прычыны паланізацыі на Беларусі” і некалькіх іншых.
Таксама на працягу гадоў працы ў Ватыканскім Радыё а. Леў звяртаўся да каталікоў Беларусі, нагадваючы ім пра праўды веры, распавядаючы пра маральныя абавязкі, заахвочваючы да вернасці Богу і даказваючы, што жыццё хрысціяніна – гэта шлях да шчасця.
Алена Андросік, дактарант маральнага багаслоўя