Пошук
Нядзельнае казаньне
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ |
Успамін 65 год ад мучаніцкай сьмерці Экзарха беларускіх грэка-католікаў айца Антона Неманцэвіча
![]() ![]() Нижэй прапануем тэкст Памінальнага слова Апостальскага Візітатара.
“Любоў Хрыста заахвочвае нас” (2 Кар 5,14) Памінальнае Слова Дарагія ў Госпадзе Браты і Сёстры! Набліжаецца да завяршэньня XIV штогадовая пілігрымка беларускіх грэка-католікаў, падчас якой ў гэтым годзе вы асэнсоўвалі тэму “Любоў Хрыста заахвочвае нас” (2 Кар 5,14). Тут, на беразе Дзьвіны, мы затрымаліся ля крыжа. Ля Крыжа Гасподняга, які заўсёды зьяўляецца знакам Ягонай Любові. Гэты крыж стаіць на месцы рэзыдэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў. Тут на тым месцы хочам маліцца і задумацца. У малітве Паніхіды хочам узгадаць ерархаў, святароў, манахаў, манахіняў ды сьвецкіх вернікаў Уніяцкай Царквы. Ля крыжа Гасподняга ў малітве хочам узгадаць мучанікаў і пакутнікаў Беларускай Зямлі, ахвяры ўсіх перасьледаў у гісторыі нашае Краіны.Узгадваем Полацкіх Пакутнікаў 1705 г., узгадваем ахвяры царскіх рэпрэсіяў, ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, узгадваем ахвяры нямецкай фашысцкай экстэрмінацыі . На гэтым месцы, дзе жылі, маліліся і служылі ерархі Ўніяцкай Царквы, узгадваем сёньня асаблівым чынам Экзарха беларускіх грэка-католікаў, Апостальскага Адміністратара а. Антона Неманцэвіча, які адышоў да Госпада ў мінскай турме СД 6 студзеня 1943 года, больш за 65 год таму. Ён належаў да выдатных беларускіх царкоўных дзеячаў ХХ-га стагодзьдзя, якія стараліся наладзіць братэрскія адносіны з праваслаўнымі. 1. Мучаніцкі подзьвіг Да нядаўняга часу існавала некалькі розных версіяў адносна прычыны, даты і месца сьмерці Экзарха Неманцэвіча. 24 жніўня 2004 году навуковы рэферэнт Сакратарыяту Апостальскага Візітатара БГКЦ менскі гісторык Яўген Усошын адшукаў у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь новы каштоўны дакумент пра дату сьмерці і пахаваньня Экзарха Антона Неманцэвіча1. Пры пошуку дакументу вельмі дапамагла кніга гродзенскага дасьледчыка Э.С. Ярмусіка Католический костел на Беларуси в годы второй мировой войны (Гродно 2002). Адшуканы дакумент пра сьмерць і пахаваньне Экзарха А. Неманцэвіча трапіў у фонд 370 дакументаў Генеральнага камісарыяту Беларусі, у архіўную справу Перапіска з акружнымі камісарыятамі і служыцелямі рэлігійнага культу пра ідэалагічнае выхаваньне мясцовага насельніцтва і па пытаньнях царквы (ф. 370, воп. 1, спр. 2, арк. 5). На дакуменце прысутнічае рэгістрацыйны штамп канцылярыі Генеральнага камісарыяту з пазначанай на ім датай – 21 студзеня 1943 году. Дакумент падпісаны оберштурмбанфюрэрам СС без расшыфроўкі яго прозьвішча. Можна думаць, што подпіс на дакумэнце належыць Эдуадру Штраўху, бо менавіта ён быў камандзірам паліцыі бясьпекі і СД у Менску ў гэты час. У згаданым дакуменце сьцвярджаецца: “З меркаваньняў паліцыі бясьпекі Неманцэвіч мусіў быць пераведзены са Слоніма ў Мінск. 30.11.1942 г. ён захварэў на сыпны тыф. [...] Зважаючы на значэньне ягонай асобы, ён быў дастаўлены ў штабкватэру паліцыі бясьпекі і СД Беларусі. Тут ён памер 6.01.1943 г. ад сардэчна-сасудыстай недастатковасьці, якая наступіла пасьля сыпнога тыфу”. Але а. Антон хварэў на тыф яшчэ ў дзяцінстве і меў імунітэт на яго, таму можна згадзіцца з а. Львом Гарошкам, які лічыць, што нямецкія нацысты проста спрабавалі схаваць такім чынам забойства (сярод тартураў) а. Антона як выдатнага душпастыра і высокага царкоўнага ярарха. У любым выпадку можна гаварыць пра ягонае мучаніцтва ex aerumnis carceris (вычарпаньне ў варунках турмы). 2. Пакліканьне Мучаніцкі подзьвіг беларускага Экзарха Антона Неманцэвіча быў вянцом і плёнам ягонай дзейснай веры ды руплівага пастырскага служэньня. Нарадзіўся ён далёка ад сваей радзімы – у сталіцы Расейскае імпэрыі Санкт-Пецярбургу 8 лютага 1893 года. Ягоныя бацькі, Вікторыя і Ян, прыехалі туды з ваколіцаў Саколкі. Бацькі выхавалі яго добрым і ахвярным каталіком. Скончыўшы вядомую ў Пецярбурзе прыватную каталіцкую гімназію сьв. Кацярыны, малады юнак выбраў нялёгкую сьвятарскую дарогу. Пасьля заканчэньня ў 1915 годзе каталіцкай семінарыі ён адразу паступіў у мітрапалітальную Духоўную Акадэмію, якая ў той час існавала ў Пецярбургу. У тым самым годзе ён становіцца сябрам беларускага кола ў гэтай акадэміі. Большасьць чальцоў гэтага знакамітага кола сталася пазьней шчырымі рупліўцамі магутнага руху беларускага каталіцкага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя. Але папрацаваць на карысьць Богу і народу на Бацькаўшчыне сьвятару давялося толькі ў 1929 годзе. Перад гэтым а. Антон пасьпеў двойчы (у 1919 і 1921) пабываць у савецкім астрозе за “занадта актыўную рэлігійную дзейнасьць”. Пасьля, па накіраваньню мітрапаліта Эдварда Ропа выехаў на вучобу ў Рым у Папскі Усходні Інстытут і вярнуўся ў Польшчу доктарам усходніх царкоўных навук. Увосень 1929-га а. Антон вярнуўся на сваю Айчыну ў прыгарад Слоніма, Альбярцін, дзе паступіў у навіцыят айцоў езуітаў усходняга абраду. Будучы ўжо трыццацішасьцігадовым сьвятаром, з дастаткова багатым досьведам, два гады ён прабыў разам з маладымі калегамі ў навіцыяце, дзе вучыўся ў пакоры манаскаму жыцьцю. 3. Да Злучэньня Словы Да Злучэньня можна лічыць своеасаблівым дэвізам айца Антона Неманцэвіча. Менавіта гэтыя два словы беларускі сьвятар зрабіў назваю рэдагаванага ім рэлігійнага часопіса, які ён пачаў выпускаць з 1932 года ў Альбярціне. Ён быў сапраўдным рыцарам прымірэньня і аб’яднаньня Цэркваў, людзей, беларускага народу. Яму балела раз’яднанасьць Царквы Хрыстовае, а разам з царкоўнай і раз’яднанасьць народная. Айцец Антон лічыў, што еднасьць грамадзкая наступіць у беларусаў, калі яны будуць адзінымі рэлігійна. Але ён не імкнуўся прывесьці кагосьці да гэтае жаданае еднасьці праз фізічнае ці маральнае насільле, бо глыбока паважаў годнасьць чалавека, а значыць, свабоду ягонай волі, права выбару, вернасьць уласнаму сумленьню. Падставаю для еднасьці хрысьціянаў была для яго толькі супольная любоў. У штодзённых адносінах айцец Антон ажыцьцяўляў гэтыя свае прынцыпы. Не пакідаў ён і людзей, закінутых у цяжкія акалічнасьці жыцьця падчас нямецкай акупацыі. 4. „Служыць Богу, а не Ім паслугоўвацца” Айцец Антон цураўся палітыкі. Ня знойдзем ніводнага ягонага выказваньня, якое можна было б трактаваць як палітычнае. Ад справы свайго жыцьця – еднасьці Цэркваў – ён чакаў толькі добрых пладоў для ўсяго беларускага народу. Жыцьцёвым прынцыпам а. Антона Неманцэвіча можна лічыць словы: “Наш абавязак адносна Бога – Яму служыць, а не Ім паслугоўвацца”2. Чужой для а. Антона была таксама нацыянальная абмежаванасьць. У першай палове дваццатых гадоў ХХ стагоддзя ён у маскоўскім касьцёле сьвятых Пятра і Паўла служыў польскай моладзі, якая ў тыя часы гуртавалася каля гэтага вогнішча рэлігійнасьці і за гэта быў арыштаваны бальшавікамі. У другой палове трыццатых гадоў ён выязджаў для працы на ўкраінскія парафіі на Валыні. Найбольш блізкай, аднак, была для яго праца для беларусаў і па-беларуску. Акрамя беларускамоўнага часопіса “Да злучэньня”, айцец Антон закладаў рэлігійныя гурткі для дзетак-беларусаў, праца ў якіх праходзіла па-беларуску. Ужо як Экзарх (на пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў ён быў прызначаны мітрапалітам Андрэям Шаптыцкім 17 верасьня 1940 г.) заснаваў “Апостальства малітвы за Беларусь”. Гэтыя паказвае, што а. Антон стараўся быць душпастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчыньнікаў, незалежна ад веравызнаньня. 5. “Царква – наш вораг” Асаблівае сьведчаньне вернасьці Евангельлю прыйшло Экзарху Антону скласьці падчас нямецкае акупацыі Беларусі. Ён актыўна працаваў тады як пастыр, пашыраючы навучаньне пра свой ідэал – зьяднаную Царкву. Яго неаднаразова папярэджвалі, каб быў ён больш абачлівы, бо ягоная актыўнасьць не падабаецца нямецкім акупацыйным уладам. Добра вядома, што для нямецкіх нацысцкіх акупантаў Беларусі душпастырская руплівасьць каталіцкіх сьвятароў абодвух абрадаў, а можа нават у асаблівы спосаб сьвятароў грэка-каталіцкіх (грэка-уніяцкіх), зьяўлялася небясьпечнай. Таму лічылі яны Царкву сваім ворагам. Пакорлівы і руплівы сьведка Евангельля Экзарх Антон Неманцэвіч стаў “пагрозай” для магутнай, антычалавечай нацысцкай сыстэмы. * * * Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх беларускіх грэка-католікаў ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчынікаў, бяз розьніцы веравызнаньня ці палітычных поглядаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр цярпліва і нястомна стараўся ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу “пакорлівасьці і рэсьпекту для праваслаўнай Царквы”. Замучаны ў менскай турме СД быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы. Вечная памяць, вечная памяць, вечная памяць.
+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
-------------------------- Заўв. 1. [Я. Усошын]. Новы дакумент пра лёс Экзарха Антона Неманцэвіча. “Царква” 2004 № 3 стар. 3, 15. ^^^ |
13.07.2008
|