
18 студзеня 2016 г. у Ватыкане адбылася прэс-канферэнцыя, на якой прэзентавана бліжайшыя Апостальскія Кангрэсы Міласэрнасці. Прамоўцамі на прэс-канферэнцыі былі кардынал Крыстаф Шонборн, архібіскуп Рына Фізікеля ды а. Патрыс Хахольскі (з санктуарыя ў францускім Арс).
Еўрапейскім Апостальскі Кангрэс Міласэрнасці адбудзецца ў Рыме, з 31 сакавіка па 4 красавіка 2016 г., у рамках святкавання Юбілейнага Году. IV Сусветны Апостальскі Кангрэс Міласэрнасці пройдзе на Філіпінах, з 16 па 20 студзеня 2017 г.
У праграме рымскага форума прадугледжана малітоўнае чуванне на плошчы св. Пятра, якое пройдзе 2 красавіка 2016 г. з удзелам Святога Айца Францішка, а таксама св. Імша ў Нядзелю Божай Міласэрнасці. 1 красавіка вернікам будзе прадстаўлена асаблівая магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння: ў некалькіх вызначаных касцёлах Рыма святары будуць спавядаць на працягу ўсяго дня.
У Апостальскіх кангрэсах прымуць удзел не толькі хрысціяне, але і вызнаўцы іслама, якія падзеляцца сваім разуменнем Божай Міласэрнасці.
Адной з тэм рымскага форума стане міграцыя. “Зараз, перад вялікім выклікам мігрантаў і бежанцаў існуе рызыка таго, што кожны схаваецца за сваімі межамі, што зноў будуць узведзены бар’еры і сцены. Жалезная завеса зноў існуе: іншым чынам, але існуе зноў. Гэта велізарны выклік: мы зноў знаходзімся перад хваляй неанацыяналізму ў Еўропе”, - сказаў прысутны на прэзентацыі ў Ватыкане карданал Крыстаф Шонборн. Арцыбіскуп Вены выказаў спадзяванне што еўрапейскія біскупы прыйдуць да адзінага меркавання па гэтым пытанні.
Упершыню Апостальскі Кангрэс Міласэрнасці быў праведзены ў 2008 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране, ІІ кангрэс прайшоў у Кракаве ў 2011 г, ІІІ у Калумбіі (Багота) ў 2014 г.
Ля вытокаў гэтай душпастырскай (апостальскай) ініцыятывы стаяць чатыры кардыналы: польскі – Станіслаў Дзівіш, літоўскі – Аўдрыс Бачкіс, філіпінскі – Луіс Антоніа Тагле і французскі – Жан-Луі Таран. Актыўным удзельнікам кангрэсаў ёсць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
У рымскай прэс-канферэнцыі ўдзельнічаў архімандрыт Сяргей Гаек; было нагадана пра нацыянальны Кангрэс Божай Міласэрнасці, які пройдзе ў Беларусі, у Гродне 24-26 траўня 2016 г.