Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
Раство Госпада нашага Ісуса Хрыста
Хрыстос нараджаецца! 1. Хрыстос нараджаецца, калі прыйшла поўня часу для гэтага свету, які блукаў у цемры і ценю смерці. Бог, вялікі педагог, прывёў людзей да мэты, якую яны згубілі на пачатку свайго існавання, – да Бога. Доўгія стагоддзі Божага заахвочвання, падтрымкі, ухвалы, але таксама папярэджання і пакарання ў адносінах да прадстаўніка Чалавецтва – народу Ізраіля -- дабеглі да канца. Пачалася новая гісторыя чалавецтва. Гісторыя, дзе чалавецтва атрымала Абяцанае калісьці. І хоць навокал яшчэ пануе грэх, але Святло Вялікае, пра якое гаворыць прарок Ісая, заззяла на Зямлі. Святло таксама як магчымасць Прасвятлення для ўсіх, хто захоча пранікнуць у сутнасць Быцця, створанага Богам. Бог выйшаў насустрач Чалавеку не за пасярэдніцтвам сваіх слугаў-прарокаў, не ў вялікіх цудах і знаках, не праз законы, але Сам, у людской падобе, падобны нам ва ўсім апрача граху, каб прыцягнуць да сябе усіх і сваім прыкладам навучыць іх новаму жыццю, якое вядзе да шчасця.
2. Хрыстос, Сын міласэрднага Айца, нараджаецца як малое дзіця. Безабароннае, слабое, але якое, аднак, з’яўляецца Знакам збаўлення. Ён нікога не можа пакрыўдзіць, толькі можа быць скрыўджаны. Усемагутны Бог прыходзіць як безабароннае дзіця, бо хоча паказаць, што не нясе пагрозы. Калісьці падарожнікі-еўрапейцы па дзікіх месцах развучвалі некалькі словаў ці жэстаў мясцовых плямёнаў, каб пры сустрэчы з тубыльцамі сказаць, ці паказаць адну фразу “Мы прыйшлі з мірам”. Бог прыйшоў на свет як малое дзіця, каб гэтым сказаць: “Я прыйшоў з мірам”. Бог прыйшоў да людзей не знішчыць, не ўдарыць, не падпарадкаваць іх і не зманіпуляваць імі, і малое дзіця ў яслях – Божы жэст, які гэта дэманструе.
3. Хрыстос нараджаецца і Жэст народжанага Хрыста яшчэ падобны да даўняга жэсту рыцараў – знімаць пальчатку перад вітаннем, каб прадэманстраваць адсутнасць зброі ў руцэ. Як бачым, гэта таксама жэст міру і моцы. Дзеянне Бога па збаўленню свету, якое абнімае сабою час пасля падзення Адама і завершыцца ў Вечнай вячэры з Агнцам, у сваім найбольш інтэнсіўным адрэзку – зямным жыцці Хрыста – пачынаецца з дэманстрацыі кволай маленькай ручкі Дзіцяці. Бог, які стварыў сусьвет, падымаў даліны і раўняў горы, рабіў мора сушаю, і выціскаў ваду з камяню, карміў народ у пустыні і праганяў безліч ворагаў, перад абліччам свайго народу працягвае голую ручку дзіцяці Чалавецтву. Святы Тамаш Аквінскі сцвярджаў, што ў міласэрнасці Бога найбольш выяўляецца Ягоная ўсемагутнасць. Бог моцны ў дабрыні і добры ў моцы працягвае руку, каб выцягнуць чалавека да неба з прорвы граху, няволі і смерці. Бог працягвае руку і чакае, калі працягнем нашую, каб прывесці нас да шчасця. Хай наш Настаўнік жыцця, які прыходзіць да нас з мірам, пакажа нам моц сваёй міласэрнасці ў гэтыя святы і на ўвесь наступны год.
Славім Яго! Аўтар - а. Яўген Усошын |
|
23.12.2015
|






Сёньняшняе чытаньне:
