Пошук
Нядзельнае казаньне
|
нядзеля
ЛІСТАПАДА |
Нядзеля 22-я |
З Днём нараджэння, Папа Францішак!
«Не імкнуцца да зямных рэчаў, не шукаць эфемернай выгоды, пазбягаць дробнай пахвалы, ахвотна прымаць ўсю пагарду свету дзеля нябеснай славы, быць карысным для ўсіх, любіць знявагі і нікому імі не адплачваць, з цярпеннем зносіць атрыманыя крыўды, заўсёды шукаць славы Творцы і ніколі — сваёй уласнай. Жыць усім гэтым і іншым падобным азначае ісці па слядах Хрыста», — адны з першых словаў на пачатку пантыфікату Папы Францішка, дзень нараджэння якога адзначаецца сёння. Словы, якія шмат у чым носяць адценне духоўнасці святога з Асізі, імя якога абраў адзін з найбольш вядомых аргенцінцаў у свеце, каб пад іменем святога ўсіх бедных і свабоднага ад гэтага свету несці сваю місію ў сучасны свет. Яго апекуна даследчыкі называюць папярэднікам Адраджэння: «Перад намі ў асобе святога Францішка Асізскага на ўвесь рост паўстае рэлігійны геній, які накіраваў рэлігійныя пачуцці свайго народа па новым шляху... Беднасць, апостальская пропаведзь, бязмежная любоў да чалавека і пакорлівае самапрыніжэнне — такімі былі сродкі, з дапамогай якіх ён хацеў увесці сваіх бліжніх у новае Божае Валадарства на зямлі». Святога асізскага аскета палюбіў увесь свет, адлюстраваўшы і працягваючы адлюстроўваць у розных формах мастацтва: жывапісе, фрэсках, скульптуры.
Папа Францішак таксама заваяваў прыхільнасць і шмат чалавечых сімпатый, і хоць часы зараз змяніліся, але яго таксама пачалі актыўна адлюстроўваць у сучасных формах мастацтва, адной з якіх, асабліва ўлюбёнай сярод моладзі, з’яўляецца вулічнае мастацтва.
«Папа вулічнага мастацтва», як і яго апякун, — «чалавек вуліцы», да якой і сярэднявечны святы, і сучасны кіраўнік Каталіцкага Касцёла ставяцца з найвялікшай павагай і любоўю, цеплынёй і спагадай. Папа людзей вуліцы, а не выключных прыёмаў, вытанчаных пакояў, высокіх сценаў і зачыненых пазалочаных дзвярэй…
Папа раскошы прыгажосці прыроды і чалавечага сэрца… Папа раскошы адкрытасці да іншых людзей… Папа раскошы простасці і шчырасці… Папа раскошы Божай і чалавечай Міласэрнасці… Пераймаючы цноты свайго апекуна, Папа Францішак пераймае раскошу жыцця, падрыхтаванага кожнаму чалавеку Богам. Раскошу жыцця, якую заахвочвае кожнага апрануць у адзенне святасці, свабоды і не прыгожых словаў, але найперш прыгожых учынкаў Любові. Няхай жа сёння і заўсёды беражэ кіраўніка Каталіцкага Касцёла святы ўсіх убогіх і раскошы жыцця ў святасці. Папа Францішак, з Днём нараджэння! Аксана Ючкавіч, Catholic.by |
|
17.12.2015
|






Сёньняшняе чытаньне:




