Пошук

Каляндар

 

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прызначаны Апостальскім Нунцыем ва Украіне  


Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прызначаны Апостальскім Нунцыем ва Украіне13 лістапада 2015 г. Святы Айцец Францішак прызначыў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці Апостальскім Нунцыем ва Украіне. Да гэтага часу, на працягу амаль чатырох з паловай гадоў, іерарх выконваў дыпламатычную місію ў Беларусі.

У Каталіцкім Касцёле ў Беларусі ў апошнія гады адбылося шмат станоўчых падзей і станоўчых змен. Сярод найбольш прыкметных – прызначэнне чатырох новых біскупаў, візіт у краіну Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы кардынала Пьетра Параліна, узвядзенне ў Мінску будынка Апостальскай нунцыятуры. У гэтых зрухах вялікая заслуга арцыбіскупа Гуджэроцці, які з першых дзён сваёй працы на беларускай землі падкрэсліваў асабістую зацікаўленнасць і імкненне Святога Пасаду да супрацоўніцтва паміж краінамі, захавання добрых адносін Касцёла з дзяржаўнымі ўладамі, міжрэлігійнага дыялогу, падтрымання атмасферы ўзаемапавагі і падтрымкі сярод каталіцкіх вернікаў і усіх людзей добрай волі.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 г. у італьянскай Вероне. Cкончыў факультэт Усходніх моваў і літаратуры Венецыянскага дзяржаўнага ўніверсітэта “Cà Foscari”, атрымаў вучоную ступень магістра святой літургіі ў Папскім літургічным інстытуце св. Анзэльма ў Рыме, абараніў дактарат у Папскім Усходнім Інстытуце.

Святарскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 1982 г. З’яўляецца тытулярным арцыбіскупам Равэлы. У 1985 г. паступіў на служэнне ў Кангрэгацыю Усходніх Цэркваў. 7 снежня 2001 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Арменіі і Грузіі, 13 снежня таго ж года – Апостальскім нунцыем у Азербайджане. 6 студзеня 2002 г. атрымаў біскупскую сакру.

15 ліпеня 2011 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусі.

Паводле Беларускай службы Ватыканскага радыё

13.11.2015

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier