Пошук

Каляндар

 

“Плённа вяшчаць Евангелле радасці і міласэрнасці”  


“Плённа вяшчаць Евангелле радасці і міласэрнасці”Дэлегацыя Беларускай Грэка-Каталіцкая Царквы прыняла ўдзел у святкаванні памяці Св. Язафата ў Рыме.

12 лістапада 2015 г., у свята святамучаніка Язафата, дэлегацыя Беларускай Грэка-Каталіцкая Царквы прыняла ўдзел ва ўрачыстай Літургіі ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Боскую Літургію пры алтары, дзе захоўваюцца мошчы святога, узначаліў архібіскуп Кірыл (Васіль), сакратар Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў. З ім саслужылі іерархі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы (мітрапаліт Прэшаўскі Ян, біскук Кошыцкі Мілан і біскуп Братыслаўскі Пётр), біскуп украінскай епархіі ў Лондане Глеб і дапаможны біскуп Тарнопальскай архіепархіі Теадор, а таксама прадстаўнікі беларускага грэка-каталіцкага духавенства архімандыт Сяргей (Гаек) і іераманах Лявонцій (Тумоўскі). Акрамя таго, Літургію саслужылі шматлікія святары з Украіны, Славакіі, Расіі, Харватыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Італіі (некаторыя лацінскага абраду).

“Плённа вяшчаць Евангелле радасці і міласэрнасці”Казане на італьянскай мове прамовіў архібіскуп Кірыл. Напрыканцы казання ён па на беларускай мове прывітаў групу вернікаў з Беларусі:

“На гэтым месцы, ля мошчаў святамучаніка Язафата – Архібіскупа Полацкага, хачу сёння сардэчна прывітаць вернікаў з Беларусі, якія моляцца разам з намі.

Пяцьдзясят год таму, у час Другога Ватыканскага Сабору, рашэннем святога Папы Яна Паўла XXIII, тут – у Базіліцы святога Пятра – былі складзеныя мошчы святога Язафата, які на беларускай зямлі - у Віцебску – прыняў вянец мучаніцтва.

У той дзень пераносу сюды святых мошчаў – побач мітрапаліта Ёзыфа Сліпога ды іншых украінскіх Уладык маліўся і беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, якога сто гадоў нараджэння адзначалася ў мінулым годзе.

На рукі прысутнага тут архімандрыта Сяргея (Гаека), Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі, жадаю перадаць дар братэрскай малітвы ды словы нашай духовай салідарнасці для ўсіх вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і ў замежжы.

Няхай у Юбілейным Годзе Міласэрнасці, праз малітвы святамучаніка Язафата, Госпад шчодра адорыць вас усіх шматлікімі ласкамі, няхай дае вам дар мужна ды плённа вяшчаць Евангелле радасці і міласэрнасці”.


***

Святы Язафат, архібіскуп Полацкі, біскуп Віцебскі і Мсціслаўскі, загінуў мучаніцкай смерцю ў Віцебску ў 1623 г. Яго мошчы, знойдзеныя ў 1916 г. у Белай Падляскай, былі перавезены ў Вену, а потым – у Ватыкан. У 1964 г. яны былі перанесяныя ў базыліку св. Пятра, дзе і захоўваюцца ды ўшаноўваюцца зараз.


12.11.2015

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier