Пошук

Каляндар

 

“Сведчыць Евангелле міру і братэрства паміж вернікамі розных традыцый”  


“Сведчыць Евангелле міру і братэрства паміж вернікамі розных традыцый”На шляху ХХІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк, 2015

У сераду, 8 ліпеня 2015 г., метай ІІ-га дня ХХІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк было Шуміліна. У мясцовым рыма-каталіцкім храме пілігрымаў сардэчна і гасцінна прынялі Айцы Місіянеры – Аблаты Бяззаганнай Дзевы Марыі – душпастыры мясцовай парафіі разам з вернікамі.

Боскую Літургію ў гэты дзень узначаліў архім. Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ. У гаміліі ён звярнуў увагу, што духовы подзвіг пілігрымаў – гэта каштоўная форма супольнага сведчання аб Евангеліі Ісуса Хрыста.

1200 год таму нарадзіўся святы Мятод Салунскі, які са сваім братам Кірылам прынеслі славянам Евангелле на роднай мове. І гэтае Евангелле ад Веляграду (у Вялікай Маравіі) дайшло і да Полацка – калыскі хрысціянства на Беларускіх Землях. Прыйшло ў час, калі не было расколу паміж хрысціянамі Усходу і Захаду, падзелу на католікаў і праваслаўных.

“Пладам евангелізацыйнай працы святых Кірыла і Мятода сярод славянаў карысталіся і нашыя падзвіжнікі веры – св. Еўфрасіння Полацкая, св. Параскева Полацкая, св. Кірыл Тураўскі, св. Аўраамій Смаленскі.
Мы, пілігрымы, лічым сябе спадкаемцамі ўсіх гэтых сведкаў веры. Іх сведчанне прымаем як заклік абвяшчаць сёння Евангелле міру і сапраўднага братэрства паміж хрысціянамі. У нашай пілігрымцы ўжо традыцыйна ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных традыцый і канфесіі”
– сказаў архімандрыт Сяргей.

9.07.2015

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier