БГКЦ у гэтым годзе адзначае 25-гадовы юбілей аднаўлення адкрытай душпастырскай дзейнасці. Чым жыве моладзь БГКЦ?
Пра гэта сказана ў роліку і запісана тут.ПІЛІГРЫМКАШтогод у ліпені з Віцебска ў Полацак праходзіць грэка-каталіцкая пілігрымка. Яна збірае людзей з розных куткоў Беларусі і нават суседніх краінаў. Сёлета адбылася юбілейная дваццатая.
Пачынаецца пілігрымка з месца забойства ўніяцкага святамучаніка Язафата Кунцэвіча, архібіскупа Полацкага. Яго нятленнае цела знаходзіцца ў Ватыканскай базіліцы Святога Пятра. І заканчваецца ля храму святой Сафіі ў Полацку. У 1705 годзе царом Пятром І тут былі закатаваныя пяць манахаў-базыльянаў.
Пілігрымка з кожным годам збірае ўсё больш моладзі. Яна дае магчымасьць маладым людзям разам прайсьці шлях у малітве, падзякаваць Госпаду за атрыманныя ласкі, папрасіць Яго дапамогі. Таксама засяродзіцца і паразважаць над сэнсам свайго жыцця, сустрэцца з сябрамі ці пазнаёміцца з новымі людзьмі.
Пілігрымка – гэта падарунак ад Бога. Пякучая гарачыня і халодны дождж, а таксама стома і мазалі робяць сваё. Але важна не столькі дайсці самому да канца, колькі дайсці разам з бліжнім, дапамагаючы яму. Дайсці разам.
Падчас пілігрымкі адбываюцца канферэнцыі на рэлігійныя тэмы, заўсёды можна падысці да святара для асабістай размовы ці споведзі. Боская літургія з’яўляецца цэнтральным момантам кожнага дня, а няспынны рух - сімвалам духоўнага жыцця.
Пілігрымка – гэта сведчанне пра Хрыста бліжняму, пра Яго Любоў і Прысутнасьць сярод нас. Яшчэ нядаўна пілігрымы йшлі па мясцінах, дзе не было ніводнай хрысціянскай святыні, праваслаўнай ці каталіцкай, а цяпер ёсць. Дзякуючы і малітвам пілігрымаў за Беларусь.
КАТЭХІЗАЦЫЯНаша вера мае глыбокія карані, бо ўсё, што не мае каранёў, хутка знікае. Важным з’яўляецца ўменне хрысціяніна абгрунтаваць і абараніць сваю веру. Самыя маленькія вернікі першыя рэлігійныя веды атрымоўваюць у нядзельных школках парафій.
Моладзь удзельнічае ў парафіяльных катэхетычных спатканнях і біблійных школах. Свае літургічныя веды і служэнне пры алтары, хлопцы паглыбляюць у алтарным брацтве Пратулінскіх мучанікаў.
ХОР “ПРАСФАРА”Кожная малітва, асабліва Боская Літургія, суправаджаецца літургічным спевам. Грэка-каталіцкі хор “Прасфара” яднае моладзь з розных парафій Менску і іншых гарадоў. Мэтай гэтых людзей з’яўляецца вывучэнне літургічнай спадчыны і мастацтва спеву, каб у гэты спосаб праслаўляць Бога ня толькі ў сваіх парафіях, але і на міжпарафіяльных урачыстасцях.
За 7 год існавання, рэпертуар хору значна ўзбагаціўся. Апроч літургічных, сюды ўвайшлі пабожныя і народныя спевы як беларускай, так і іншых традыцый. Ва Ўсходняй Царкве асаблівым чынам ўшаноўваецца Маці Божая. У яе гонар на працягу стагоддзяў складаліся шматлікія песнапенні. Хорам запісаныя два музычныя дыскі: “Апякунку нашу ў песнях уславім” і “Акафіст перад іконай Маці Божай Жыровіцкай”.
Прыгожым спевам Хор “Прасфара” праслаўляе Бога ў Беларусі і ў іншых краінах. Так яны рэпрэзэнтуюць сваю традыцыю і проста супольна адпачываюць. За гады свайго існавання хор ператварыўся ў сапраўдную хрысціянскую супольнасць.
ХРЫСЦІЯНСКІ ВАЛАНЦЁРСКІ РУХ СВ. МІКАЛАЯЗ самага пачатку Хрыстовая Царква бачыць сваю місію ў сацыяльным служэнні. У 2007 годзе ў Віцебскай парафіі айцом Аляксандрам Шыбекам быў распачаты хрысціянскі валанцёрскі рух Святога Мікалая. Сёння гэты рух дзейнічае ў 9 гарадах. Ён яднае людзей добрай волі незалежна ад канфесійнай прыналежнасці.
Галоўнымі прыятытэтамі руху з’яўляюцца: бескарыслівая дапамога бліжняму, евангелізацыя, асабістае сведчанне. Сумесныя паходы ў прытулкі, дамы-малюткі, дамы-інтэрнаты і хоспісы, арганізацыя летнікаў – гэта канкрэтная праява іх працы. У парафіях валанцёры арганізуюць тэматычныя святы, на якія запрашаюцца дзеці і няпоўнаспраўныя асобы з розных месцаў.
Штогод ўлетку пры Полацкай парафіі святога Язафата валанцёры з розных куткоў Беларусі праводзяць хрысціянскія летнікі для непоўнаспраўных асобаў, для сямейных пар, а таксама для ўласнага адпачынку. Штодзённая малітва і актыўны адпачынак на прыродзе ў атмасферы сапраўднай хрысціянскай любові і ахвярнасці. Для многіх непоўнаспраўных такія выезды з’яўляюцца адзінай магчымасцю выехаць за сцены сваіх памяшканняў, сустрэцца з сябрамі і пажыць у хрысціянскай супольнасці.
Перад чарговай сустрэчай з дзеткамі з прытулкаў, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі з дамоў-інтэрнатаў ці іншых месцаў валанцёрамі праводзіцца сур’ёзная падрыхтоўка. Кожны адчувае ў сабе адказнасць стварыць цёплую, цікавую і арыгінальную атмасферу. Японская вечарына, Чытаць – гэта смачна, Што? Дзе? Калі? Штогадовая акцыя Святы Мікалай ідзе да дзяцей, Шляхецкі салон і Гішпанскі вечар – вось толькі некаторыя ініцыятывы валанцёраў за апошні час.
ГРЭКА-КАТАЛІЦКІ КЛУБ ІНТЭЛІГЕНЦЫІСустрэцца з прадстаўнікамі творчай і навуковай эліты моладзь можа у клубе інтэлігенцыі імя святога Кірылы Тураўскага. Для аматараў цікавага і глыбокага кіно ў парафіі існуе кінаклуб.
СКАЎТЫВыхаванне ў духу любові да Бога і Айчыны – гэта прыарытэтны накірунак у душпастырскай працы з моладдзю. Для асягнення гэтай мэты выкарыстоўваецца метад педагогікі Федэрацыі Скаўтаў Еўропы. Ён спрыяе выхаванню моладзі да дарослага і адказнага жыцця ў грамадстве.
Сяргей Раюнец