Пошук

Каляндар

 

Апостальская Сталіца заклікала да дапамогі Украіне  


Апостальская Сталіца заклікала да дапамогі Украіне26 сакавіка прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры арганізацыях ААН у Жэневе арцыбіскуп Сільвано Тамазі выступіў на 25-й сесіі Рады па правах чалавека з заявай адносна сітуацыі ва Украіне.

Арцыбіскуп пацвердзіў блізкасць Святога Пасаду да ўкраінскага народа і падкрэсліў неабходнасць выканання міжнароднага права адносна тэрыторыі і межаў Украіны з мэтай забеспячэння стабільнасці на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях, а таксама аднаўлення законнасці і правапарадку ў краіне на аснове поўнага выканання правоў чалавека.

Прадстаўнік Святога Пасаду прывітаў крокі, якія прымаюцца для выканання перамір’я – найважнейшай умовы для пошуку палітычных рашэнняў шляхам дыялогу і перамоў. Іерарх падкрэсліў, што поўная рэалізацыя ўсімі бакамі “Мінскіх пагадненняў” з’яўляецца перадумовай далейшых намаганняў, накіраваных на паляпшэнне гуманітарнага становішча і сітуацыі з выкананнем правоў чалавека на пацярпелых тэрыторыях, спыненне чалавечых ахвяр, насілля і іншых формаў злачынства. Арцыбіскуп Тамазі падкрэсліў неабходнасць вызвалення закладнікаў і гарантыі бесперашкоднага перамяшчэння тых, хто аказвае гуманітарную дапамогу.

Акрамя таго, Святы Пасад занепакоены сацыяльным становішчам у пацярпелых рэгіёнах, насельніцтва якіх пакутуе ад беднасці, голаду, небяспекі і рызыкі для здароўя. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пацвердзіў прыхільнасць аказанню дапамогі ў гэтай надзвычайнай сітуацыі і звярнуўся да дабрачынных арганізацый Каталіцкага Касцёла з просьбай пашыраць намаганні па аказанні падтрымкі народу Украіны.


27.03.2015

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier