Пошук

Каляндар

 

Айцец Аляксандр Надсан — пачатак дзейнасці і развіцця сучаснай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі  


Айцец Аляксандр Надсан — пачатак дзейнасці і развіцця сучаснай Грэка-Каталіцкай Царквы ў БеларусіУ віншавальным лісце старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі з нагоды 25-годдзя аднаўлення адкрытага душпастырства і літургічнага жыцця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі ўзгадваецца пра значэнне асобы а. Аляксандра Надсана, які 11 сакавіка 25 гадоў назад цэлебраваў беларускамоўную службу ў Мінску.

Гады жыцця і дзейнасці гэтага святара, якому ў жніўні 2015 года споўніцца 89 гадоў, былі і ёсць напоўненыя справамі беларускасці.

Як і многія беларусы, не прыняўшыя таталітарнай сістэмы, а. Аляксандр быў вымушаны ў 1944 годзе выехаць з Бацькаўшчыны. Будучы ваяром у Французскім супраціўленні, што змагалася супраць фашыстаў у Італіі, быў паранены, узнагароджаны за мужнасць.

Пасля вайны з 1946 г. для а. Аляксандра прытулкам стала Англія, дзе ён жыве і дагэтуль.

Часамі яго называюць гаспадаром «беларускай вёскі» ў Лондане, якая спачатку складалася з чатырох (а цяпер з трох) дамоў у англійскім стылі ў раёне Паўночнага Фінчлі. У адным з іх знаходзіцца царква свв. Пятра і Паўла, насупраць — Скарынаўская бібліятэка, заснаваная ў 1971 годзе з уласных кнігазбораў а. Чэслава Сіповіча.

Айцец Аляксандр Надсан — пачатак дзейнасці і развіцця сучаснай Грэка-Каталіцкай Царквы ў БеларусіУ доме, дзе размяшчаецца бібліятэка, жыве зараз і а. Аляксандр, праводзіць большасць свайго часу ў кабінеце. У гэтым жа доме знаходзіцца і музей, прысвечаны беларускай культуры і гісторыі, яго не абмінуць наведвальнікам «беларускай вёскі». У адным з пакояў, дзе размяшчаецца вялікі стол, а ля акна «нібы плячо аб плячо» — стаяць два сцягі: беларускі і брытанскі, знаходзіцца кніга наведвальнікаў.

Кожны, хто трапляе ў гэты асяродак беларушчыны ў туманным Лондане, можа запісаць сябе ў гісторыю бібліятэкі Францішка Скарыны.

Сярод шматлікіх запісаў прозвішчы і імёны вядомых пісьменнікаў, палітыкаў, мастакоў, якім неабыякавы лёс іх краіны, як і таму, хто калісьці заснаваў гэту бібліятэку і на працягу ўсяго жыцця шчыраваў, каб папоўніць рэдкімі і каштоўнымі старадрукамі ці сучаснымі выданнямі.

«Ён імчаўся ў любы канец свету, да букіністаў, беларусаў дыяспары, калі даведваўся, што там ёсць нешта цікавае, наладжваў сувязі», — адзначае ў прадмове да кнігі «Выбранае. Аляксандр Надсан» з серыі «Беларускі кнігазбор» Лідзія Савік.

Зараз Скарынаўская бібліятэка ўяўляе сабой скарбніцу, дзе захоўваюцца рукапісы беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, сабраны ўсе беларускія газеты і часопісы, якія выдаваліся ў замежжы. Багатая калекцыя беларускіх слоўнікаў, кніг і падручнікаў па беларускай мове, рэдкіх выданняў з Вільні, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Віцебска, Варшавы, выдадзеных у ХІХ- пачатку ХХ стагоддзя. Многія кнігі з бібліятэкі маюць аўтарскія надпісы і аўтографы.

З цягам часу Скарынаўская бібліятэка ў Лондане ператварылася ў міжнародны навуковы цэнтр. За навуковай кансультацыяй і духоўнай падтрымкай а. Аляксандра Надсана звяртаюцца шматлікія навукоўцы Англіі, Францыі, Італіі, Германіі, Бельгіі, Расіі, Польшчы, ЗША, Канады, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Ізраіля і, безумоўна, Беларусі.

Аднак разам з набыткамі навуковай і грамадскай дзейнасці а. Аляксандр Надсан найперш — беларускі святар.

Калі ўглядаешся ў яго вочы, у якіх заўважаеш і стомленасць, і боль, і мудрасць, і цішыню, і адначасовае імкненне і прагу зрабіць яшчэ больш для развіцця беларускага, натхняешся сам, як прыгожа і аддана можна праяўляць любоў да Радзімы…

25 гадоў яго служэння стала добрым падмуркам для развіцця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, якая зараз працягвае развівацца і пашырацца.

Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі сёння

Сёння Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква налічвае 25 святароў (у тым ліку 5 іераманахаў) і 4 дыяканаў, 8 семінарыстаў. Гэтыя святары атрымалі багаслоўскую адукацыю і духоўную фармацыю на працягу мінулых 25 гадоў.

Некаторыя з іх нясуць пастырскае служэнне за межамі Беларусі або працягваюць навучанне.

Айцец Аляксандр Надсан — пачатак дзейнасці і развіцця сучаснай Грэка-Каталіцкай Царквы ў БеларусіУ Беларусі налічваецца каля 30 тысяч грэка-католікаў, але значная частка з іх не мае магчымасці рэгулярна наведваць грэка-каталіцкія парафіі або душпастырскія цэнтры. Частка з іх наведвае рыма-каталіцкія храмы. Маюцца тры дэканаты:

У грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі дзейнічаюць нядзельныя школкі для дзяцей і розныя формы евангелізацыі і катэхізацыі дарослых.

У евангелізацыі і катэхізацыі актыўна супрацоўнічаюць святары і свецкія вернікі, адпаведна падрыхтаваныя.

Вельмі важным духоўным цэнтрам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з’яўляецца храм св. Параскевы Полацкай і парафія ў Полацку.

Вернікі з іншых мясцовасцяў наведваюць яго вельмі часта, туды ж прыходзіць і штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск-Полацк

Душпастырскі клопат пра хрысціянскае жыццё вернікаў азначае пашырэнне евангельскіх прынцыпаў і стандардаў жыцця вернікаў, сем’яў, моладзі, а таксама сацыяльнае служэнне (дыяканію) сярод людзей, якія патрабуць дапамогі.

Вельмі каштоўнае служэнне нясуць у грэка-каталіцкіх парафіях валанцёры хрысціянскага руху св. Мікалая.

У некаторых парафіях святары і вернікі асабліва заангажаваныя ў абарону жыцця ненарожаных дзяцей, абарону моладзі ад маральных небаспек і прафілактычную працу з маладымі людзмі.

Важная таксама дапамога сем’ям, якія сустракаюцца з маральнымі праблемамі.


Падрыхтавала Аксана Ючкавіч
Фотаздымак Мікалая Пачкаева
Паводле Catholic.by

11.03.2015

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier