Пошук

Каляндар

 

Армянскі святар і паэт стане Доктарам Царквы  


Армянскі святар і паэт стане Доктарам ЦарквыЯго Святасць Папа Францішак пацвердзіў станоўчае рашэнне пленарнай сесіі кардыналаў і біскупаў, членаў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, адносна надання тытула Доктара Паўсюднай Царквы св. Рыгору з Нарэка, армянскаму святару і манаху, паэту і вучонаму.

Святы Айцец пазнаёміўся з дакументамі гэтай справы 21 лютага 2015 г. падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардыналам Анджэла Амата.

Св. Рыгор (Грыгор Нарэкацы) жыў у перыяд паміж 950-1005 гг. Ён паходзіўся з сям’і князя Хасрова Андзэвацы, які пазней, пасля смерці жонкі, стаў епіскапам. З самага маленства выхоўваўся пры кляштары ў армянскім мястэчку Нарэк, якое сёння знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі. Пазней стаў святаром і абатам.

Св. Рыгор вёў жыццё поўнае пакоры і любові, шмат працаваў і маліўся. Ён шануецца як вялікі тэолаг і адзін з самых важных паэтаў армянскай літаратуры. Шырокую вядомасць яму прынёс твор “Кніга пакутных песняў”, які адыграў важную ролю ў станаўленні армянскай літаратурнай мовы.

У Армянскай Апостальскай Царкве памяць св. Рыгора з Нарэка святкуецца 25 студзеня, у Армяна-Каталіцкай і Рыма-Каталіцкай Царкве - 27 лютага.


23.02.2015

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier