Пошук

Каляндар

 

Салунскія Браты Кірыл і Мятод - прапаведнікі Еднасці Цэркваў Усходу і Захаду  


Салунскія Браты Кірыл і Мятод  - прапаведнікі Еднасці Цэркваў Усходу і ЗахадуПра актуальнасць спадчыны святых Кірыла і Мятода распавядае Апостальскі Экзарх Грэцкай Каталіцкай Царквы візантыйскага абраду – Уладыка Дымітрыос (Салахас).

1.Кірыл і Мятод - два святыя браты, выхадцы з Фесалонікаў (слав. Салунь), маюць у сваёй крыві спадчыну апостала Паўла, які жыў і працаваў у іх горадзе, і аб’ядноўваў Усход і Захад у адзіную “сулучнасць Евангелля” Ісуса Хрыста.
Характэрнай асаблівасцю місіянерскай дзейнасці святых Кірыла і Мятода была сапраўдная “экуменічнасць” (паўсюднасць), якая праяўлялася ўва ўсіх іхніх дзеяннях ды ініцыятывах, якія, у адпаведнасці з рознымі патрэбамі Царквы і магчымасцямі тых часоў, распачыналіся для прапаведвання Еднасці хрысціянаў. Працуючы ў складаных і нестабільных умовах і імкнучыся да ідэалу аб'яднання ў Хрысце нованавернутых, Кірыл і Мятод перакладалі на славянскую мову багатыя тэксты візантыйскай літургіі, прыстасоўвалі да менталітэту і звычаяў маладых народаў тонкія і складаныя распрацоўкі грэка-рымскага права.

2. Яны шанавалі прынцыпы супакою і згоды і заўсёды верна выконвалі абавязкі сваёй місіі, прызнаючы традыцыйныя прэрагатывы і царкоўныя правы, устаноўленыя канонамі сабораў. Кірыл і Мятод – падуладныя Усходняй імперыі і верныя падданыя Канстантынопальскага Патрыярхату – лічылі патрэбным падпарадкоўвацца Рымскаму Пантыфіку ў сваёй місійнай працы і прадставіць на ягоны разгляд літургічныя кнігі, напісаныя на славянскай мове, і метады, прынятыя імі ў евангелізацыі гэтых народаў, каб атрымаць зацверджанне.
Прыступіўшы да сваёй місіі па даручэнні Канстантынопаля, яны шукалі яе пацвярджэння, звяртаючыся да Апостальскай Сталіцы ў Рыме – бачнага цэнтра царкоўнай Еднасці.
Такім чынам, свядомыя паўсюднасці Царквы, яны будавалі яе як “Царкву адзіную, святую, саборную (каталіцкую) і апостальскую”.
Гэта празрыста і відавочна адлюстроўвалася ва ўсіх іхніх паводзінах. Можна сказаць, што заклік Ісуса Хрыста ў яго першасвятарскай малітве – “каб усе былі адно” – быў дэвізам іхняй місіі, паводле словаў Псалмапеўцы: “Хваліце Госпада ўсе народы, слаўце Яго ўсе людзі”.

3. Для нас, сучасных хрысціян, іх апостальства мае сапраўды пераканаўчы экуменічны заклік: гэта запрашэнне аднавіць, у супакоі прымірэння, тую Еднасць, якая была сур'ёзна пашкоджана пасля часоў святых Кірыла і Мятода, і перш за ўсё Еднасць паміж Усходам і Захадам.
Перакананне, паводле якога кожная мясцовая Царква паклікана ўзбагачаць сваімі ўласнымі дарамі каталіцкую паўнату (πλήρωμα), знаходзілася ў дасканалай гармоніі з іх евангельскім прадбачаннем таго, што розныя ўмовы жыцця асобных хрысціянскіх Цэркваў ніколі не могуць апраўдаць разыходжанняў, нязгодаў і падзелаў у прапаведванні адзінай веры і ў справах любові (пар. Энцыкліка Яна Паўла ІІ “Slavorum Apostoli”, 13).

З італьянскай мовы пераклаў Сяргей Раюнец

9.02.2015

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier