Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
2-га лютага: - СУСТРЭЧА ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА
С т р э ч а н н е “Святло для прасвятлення народаў і славу Ізраіля, люду Твайго". «Сретение» па-беларуску гучыць стрэчанне — слова старажытнаславянскае, якое азначае сустрэча, а ў перакладзе з сербскай мовы – радасць. 1.У евангельскай гісторыі гэта сустрэча Старога і Новага Запавету. Паводле апавядання Евангеліста Лукі (2:22-38), яна адбылася ў Іерусалімскім Храме. Майсеевы Закон загадваў здзяйсняць над кожным першынцам мужчынскага полу абрад прысвячэння Богу. Калі Немаўляці Ісусу споўнілася 40 дзён, Язэп і Марыя панеслі Яго ў Дом Божы. Яны стаялі сярод іншых сем'яў, чакаючы сваёй чаргі, і ў гэты момант да іх наблізіўся старац Сямён, які жыў пры Храме. Ён належаў да ліку тых, хто горача верыў у хуткі прыход Месіі. Старцу было прадказана, што ён яшчэ пры жыцці ўбачыць Збаўцу свету. І зараз Дух Божы паказаў яму на пару бедных галілеян. Сямён узяў на рукі іх Дзіцё і стаў маліцца: "Цяпер адпускаеш слугу Твайго,Уладыка, паводле слова Твайго, у супакоі; бо мае вочы бачылі збаўленне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі народамі, святло для прасвятлення народаў і славу Ізраіля, люду Твайго ". Ключавым словам у гэтай малітве старца Сямёна ёсць “святло”. Для сустрэчы, каб убачыць адзін аднаго, кожны з нас патрабуе фізічнага святла. Для сустрэчы з Богам мы патрабуем іншага святла – духоўнага, Святла Хрыстовага, Святла Духа Святога. Таму асвячаючы сёння свечы, мы бярэм іх да сваіх хатаў, не толькі каб запальваючы іх асвяціць цемру ці абараніць нашыя дамы ад стыхіяў гэтага свету, бо для гэтага мы карыстаемся сучаснымі сродкамі, але каб праз малітву сустрэць Самаго Хрыста, сімвалам Якога для нас і з’яўляюцца гэтыя асвячаныя свечы. Бо менавіта Ён ёсць “святлом для прасвятлення народаў”, а таксама і нашых сэрцаў. 2. Вось чаму сёння мы сустракаем Госпада з той глыбокай і ўдзячнай радасцю, з якой Сямён Богапрыемец Яго трымаў на руках сваіх і бачыў у Ім ажыццяўленне ўсіх старажытных прароцтваў пра тое, што надыдзе дзень, калі варожасці паміж чалавекам і Богам прыйдзе канец, калі Сам Бог сыйдзе да нас целам як наш Збаўца, прыміраючы нас Сваім уцелаўленнем, Сваім жыццём, Сваім вучэннем і Сваёй смерцю на Крыжы з Богам і нашым Айцом. У свяце Сустрэчы зліваецца адначасова і радасць, і чаканне крыжовай смерці Хрыста. Свята, якое мы сёння адзначаем, гэта адначасова свята дзівоснай сустрэчы і першага расстання. Дзівоснай сустрэчы, таму што ў храм, у месца прысутнасці Бога, Адзінародны Сын Божы, стаўшы Сынам Дзевы, прыносіцца, каб быць пастаўленым перад тварам Жывога, вечнага Бога – Яго Айца. Кожны з нас калісьці, у дзень свайго Хросту і ўвацэркаўлення, быў прынесены ў храм, кожны з нас быў пастаўлены перад Богам, каб стаць Яго ўласнасцю, але ў Царкве Хрыстовай няма мужчынскага і жаночага, няма адрознення, усё – дзеці Божыя, і таму ўсе мы былі прынесеныя і аддадзеныя Богу, гэтак жа як Божае Немаўля Хрыстос быў прынесены Сваёй Маці. Кожная маці калісьці свайго немаўля прынесла і аддала Богу, і прыняла яго ізноў ад іконы Збаўцы або Божай Маці. Кожны з нас ізноў і ізноў сустракае Бога кожны раз, як ён прыходзіць у храм. Сямён і Ганна чакалі і ўгледзелі Хрыста. 3. Вось з чым мы зараз пачынаем гэтае ўзыходжанне падрыхтоўчых тыдняў да Вялікага Паста. Задумаемся, кожны з нас, аб тым, што значыць, што ён або яна калісьці былі прынесеныя ў храм, аддадзеныя Богу матчынай любоўю, аддадзеныя на захаванне Таму, Які ёсць Ахоўнік немаўлятаў, аддадзеныя Таму, Хто ёсць Госпад і Жыццё. Падумаем аб тым, ці здольныя мы сустрэць Хрыста, як сустрэлі Яго Сямён і Ганна. Амін. Аўтар - а. Алесь Шаўцоў, Полацк |
|
31.01.2015
|






Сёньняшняе чытаньне:
