Папа Рымскі Бенядыкт XVI (лац. Benedictus PP. XVI) нарадзіўся 16 красавіка 1927 году на Баварыі (Нямеччына). Імя пры нараджэнні Ёзэф Алоіз Ратцынгер. Ён 265-ы Папа Рымскі, галава Каталіцкай Царквы.
З 1946 па 1951 год будучы Папа вывучаў філасофію і тэалогію ў Фрайзінгу і Мюнхене. У 1953 годзе Ёзэф Ратцынгер абараняе працу па тэалогіі ў Мюнхенскім універсітэце. Тэма яго працы: “Народ і дом Божы ў эклезіялогіі сьв. Аўгустына”. Сваю доктарскую дысэртацыю, якую ён абараніў у 1957 годзе, будучы Папа прысьвячае гісторыі сьв. Банавянтуры. У 1959 годзе становіцца выкладчыкам кафедры тэалогіі Бонскага ўніверсітэту, а ў 1966 г. – галоўным экспертам па пытаньнях дагматычнай тэалогіі ва ўніверсітэце Цюбінгена.
У 1962-1965 гг. падчас Другога Ватыканскага сабору быў тэалагічным дарадцам нямецкага архібіскупа Кёльну Ёзэфа Фрынгса. У 1972 годзе засноўвае часопіс “ Communio ”, прысьвечаны пытаньням багаслоўя і культуры. Гэты часопіс дагэтуль зьяўляецца адным з найбольш папулярных каталіцкіх выданьняў. Зараз друкуецца на 17-ці мовах. У сакавіку 1977 году Ёзэф Ратцынгер прызначаны на пасаду архібіскупа Мюнхена і Фрайзінга. Сваім біскупскім дэвізам абраў словы апостала Яна: “Супрацоўнікі праўды” (3 Ян.8), а праз тры месяцы Папа Павал VI надаў яму годнасьць кардынала.
У 1981 годзе прызначаны прэфектам Кангрэгацыі навучаньня веры. У 2002 годзе абраны на дэкана кардынальскай калегіі. 8 красавіка 2005 узначальвае Сьвятую Літургію падчас пахаваньня Яна Паўла ІІ.
19 красавіка 2005 году Ёзэф Ратцынгер абраны Папам Рымскім. Ён прыняў імя Бенядыкта XVI . Выбары сталі самымі хуткімі за ўсю гісторыю канклава і працягваліся толькі 20 гадзінаў. Пасьля традыцыйнага лацінскага воклічу: “ Habemus Papam ”, Бенядыкт XVI сказаў наступныя словы: “Любыя браты і сёстры! Пасьля вялікага Папы Яна Паўла ІІ кардыналы абралі мяне, простага сьціплага працаўніка Божага вінаградніка. Радуюся, што Госпад можа паслужыцца такой недасканалай прыладай і дзейнічаць з яго дапамогай. Перадусім давяраюся вашым малітвам. У радасьці ўваскрослага Госпада, з верай ў Ягоную няспынную дапамогу, ідзем наперад. Госпад нам дапаможа, а Марыя, Яго Найсьвятая Маці, будзе заўсёды апекавацца намі. Дзякую.” Пасля гэтага Папа блаславіў прысутных.
Ад пачатку пантыфікату Бенядыкт XVI напісаў дзьве энцыклікі: Deus caritas est ( Бог ёсць любоў, 2006), Spe salvi (Мы збаўлены праз надзею, 2007), апостальскую адгартацыю Sacramentum Caritatis (Таямніца Любові, 2007). А таксама кнігі “Божая рэвалюцыя” (2006) і “Ісус з Назарэту”(2007).