Пошук

Каляндар

 

Раство Хрыстова - час хрысціянскай еднасці ды салідарнасці  


Раство Хрыстова - час хрысціянскай еднасці ды салідарнасціСумесная малітва грэка-католікаў і рыма-католікаў у Пінску, Івацэвічах і Гомелі

Грэка-католікі і рыма-католікі Пінска, Івацэвічаў і Гомеля з’ядналіся ў радасці святкавання Божага Нараджэння.

Падчас св. Імшы, якую у Ноч Божага Нарадження ў пінскай рыма-каталіцкай катэдры ўзначаліў Найдастойны Біскуп Антоні Дзям’янка, разам з пінскімі рыма-католікамі маліліся і грэка-католікі, што жывуць ў Пінску. Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) напрыканцы св. Імшу падзякаваў Біскупу Антонію ды рыма-каталіцкім святарам і вернікам за магчымасць разам у малітве радавацца з Прыходу Збаўцы Ісуса Хрыста.
“Сумесная малітва ўзмацняе нас усіх разам адважна несці людзям Добрую Звестку пра Нараджэнне Збаўцы свету ды разам салідарна чыніць дабро!” – сказаў Архімандрыт Сяргей.

У той самы час душпастыр Івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай – а Андрэй Абламейка саслужыў начную св. Імшу з дапаможным Біскупам Пінскай дыяцэзіі – Уладыкам Казімірам Вялікасельцам у парафіяльным рыма-каталіцкім касцёле ў Івацэвічах.

25 снежня 2014 г. Архімандрыт Сяргей – на запрашэнне пробашча рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Багародзіцы ў Гомеле – кс. каноніка Славаміра Ляскоўскага ўзначаліў св. Імшу ў дзень Божага Нараджэння ды прамовіў гамілію.
“Евангелле паводле св. Яна гаворыць нам сёння: “Слова сталася целам і пасялілася паміж намі” (Ян 1:14). Ісус Хрыстос – спрадвечнае Слова Бога, прыходзіць да нас. З Яго прыходам новую годнасць атрымлівае і слова чалавеча, уся чалавечая культура. Свята Раства Хрыстовага – добрая нагода асэнсаваць каштоўнасць роднай мовы. Тым больш, што беларусы маюць Слово Божае – Біблію ў перакладзе на родную мову ўжо амаль 500 гадоў, ад часу калі Францішак Скарына ў 1517 г. пачаў ў Празе выдаваць Біблію на старабеларускай мове. Таму чытайце Слова Божае на роднай мове, інакш, хто гэта будзе рабіць акрамя нас – беларускіх хрысціянаў?” – сказаў Архімандрыт Сяргей.

Па абедзе Архімандрыт Сяргей узначаліў Боскую Літургію Раства Хрыстовага для вернікаў грэка-каталіцкай парафіі г. Гомеля, якія збіраюцца на малітву рэгулярна ў кожную другую ды чацьвёртую нядзелю месяца, ды якіх рупліва ды ахвярна апякуе духова а. Васіль Ягораў з Магілёва.

Фота з сайта http://katolik-gomel.by

26.12.2014

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier