Пошук

Каляндар

 

29 чэрвеня - Урачыстасьць сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла  


29 чэрвеня - Урачыстасьць сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла

+
Архім. Сяргей Гаек
Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы
------------------------------------------------------------------------
Пастырскі заклік да малітвы за Царкву ў Беларусі
з нагоды ўрачыстасьці сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла 2008 г.


1. Першапастыр Каталіцкай Царквы Яго Сьвятасьць Папа Рымскі Бенядыкт XVI прыслаў у нашую Богам любімую Бацькаўшчыну Беларусь свайго бліжэйшага Супрацоўніка – Дзяржаўнага Сакратара Сьвятой Сталіцы Кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Ягоны афіцыйны візіт па запрашэньні Ўраду Беларусі прайшоў 18 – 22 чэрвеня 2008 г. і складаўся з дзьвюх частак: дзяржаўнай і рэлігійнай. Абедзьве часткі ягонага візіту ў Беларусь вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы суправаджалі сваімі малітвамі.

Гэта быў час малітвы да Хрыста Чалавекалюбцы – малітвы разам з Валадаркай Беларусі Найсьвятой Багародзіцай Марыяй, Сьвятым Язэпам і ўсімі Сьвятымі Беларускай Зямлі, асабліва з Беларускімі Новамучанікамі ХХ стагоддзя.

2. Вернікі паасобных грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі, разам са сваімі душпастырамі, уключыліся ў малітоўныя сустрэчы з Высокім Прадстаўніком Сьвятога Айца разам з нашымі братамі і сёстрамі рыма-катокамі ў Пінску, Горадні і Мінску.

Асаблівы характар, аднак, мела Сустрэча Яго Эмінэнцыі Высокадастойнага Ўладыкі Кардынала Тарчызіо з духавенствам і прадстаўнікамі грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі ў Мінску, у чацьвер 19-га чэрвеня 2008 г. Праз пастырскае служэньне Кардынала – Пасланьніка Сьвятога Айца - гэта быў момант глыбокай духовай Сулучнасьці (Communio) ўсяе нашае Царквы з Найвышэйшым Пастырам Бенядыктам XVI-тым.
Гэты блаславёны час прынёс паглыбленьне ў жыццьці вернікаў веры і надзеі, крыніцай якіх ёсьць Слова Божае, ды ўзмацненьне служэньня нашае Царквы дзеля духовага дабра Беларускага Народу, як гэта на працягу стагоддзяў рабіла Ўніяцкая Царква на Беларускіх Землях.

3. У нядзелю 29 чэрвеня 2008 г. – ва Ўрачыстасьць сьвятых слаўных і ўсяхвальных вярхоўных Апосталаў Пятра і Паўла - на Боскай Літургіі ва ўсіх парафіях БГКЦ будзем маліцца асабліва за Сьвятога Айца Бенядыкта XVI-га і дзякаваць Богу за візіт у Беларусь Ягонага Пасланьніка – Дзяржаўнага Сакратара Кардынала Тарчызіо Бэртонэ.

У Паўсюднай Царкве гэта дзень, калі каталікі ўсяго сьвету складаюць г. зв. “грош сьв. Пятра” – гэта значыць ахвяраваньні на харытатыўную дзейнасьць Папы. Гэтыя ахвяраваньні зьбіраем таксама ў Парафіях і парафіяльных Супольнасьцях БГКЦ.

Адначасова ў нядзелю 29 чэрвеня молімся за пастаяннага прадстаўніка Папы ў Беларусі – Апостальскага Нунцыя Архібіскупа Марціна Відавіча і за ягонае служэньне ў Беларусі. Як салідарны адказ на просьбу Найдастойнага Ўладыкі Марціна, молімся паводле ягоных інтэнцыяў.

Молімся, каб ягонае служэньне заўжды прыносіла добры плён на карысьць Царквы, якая ў Беларусі, і ў тым ліку на карысьць нашае каталіцкае Царквы візантыйскага абраду.

Тыя ж інтэнцыі Апостальскага Нунцыя будзем таксама прыносіць Госпаду ў рамках Пілігрымкі ў Будслаў 1-2 ліпеня ды ў рамках штогадовай Пілігрымкі беларускіх грэка-католікаў з Віцебску ў Полацак 8-13 ліпеня.

Хай у гэтай малітве да Хрыста Чалавекалюбцы спадарожнічае нам Найсьвятая Багародзіца ды сьвятыя вярхоўныя Апосталы Пётр і Павал.

Мінск, 22 чэрвеня 2008 г.

+Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі

28.06.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier