Пошук

Каляндар

 

“Сведка добрай надзеі для Беларускага народу”  


“Сведка добрай надзеі для Беларускага народу”Гамілія Біскупа Алега Буткевіча падчас урачыстых нешпараў ва Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсв. Дзевы Марыі, з нагоды 100 годдзя нараджэння Біскупа Чэслава Сіповіча, Рым – 8 снежня 2014 г.

1. Сардэчна вітаю ўсіх Вас і вельмі сардэчна дзякую Богу і Вам за гэтае спатканне, бо лічу, што яно з’яўляецца асаблівым дарам Божай прадбачнасці, так як для нас, для Касцёла і для Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў у Беларусі і па-за яе межамі з’яўляецца знакамітая асоба айца Біскупа Чэслава Сіповіча, сотую гадавіну нараджэння якога абыходзім у гэтым годзе. Не буду Вам апавядаць гісторыі яго жыцця, бо ведаеце яе напэўна лепш за мяне, бо яна складае частку вашых асабістых і супольных святых падзей. Асабліва для мяне асоба Біскупа Чэслава Сіповіча, яго жыццё, праца, поспехі і цяжкасці – блізкія ўжо праз паходжанне з той жа зямлі (быў маім земляком), а таксама з пункту гледжання падабенства паклікання і апостальскага задання.
Таму хацеў бы падзяліцца з Вамі тым, у чым я бачу яго асаблівае значэнне і бласлаўленне для нас і не толькі ў мінулым, але на сённяшні дзень і ў будучыні. Па-першае выключнай постаццю, добрай, святой і годнай памяці Біскуп Чэслаў Сіповіч, марыянін, з’яўляецца праз тое, што стаўся Слугою Беззаганнай і Беззаганнага Зачацця, Прарокам Еднасці, Настаўнікам вернасці, а таксама Сведкам добрай надзеі для Беларускага народу.

2. Слугою Беззаганнай Біскуп Чэслаў стаўся праз прыналежнасць да Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў, і гэта дзіўная таямніца яго жыцця, не менш дзіўная, чым гісторыя паўстання самой Кангрэгацыі - Благаслаўлёнага Айца Станіслава (Папчынскага) і яе Аднавіцеця, Благаслаўлёнага Біскупа Юрыя (Матулевіча). Можна было б шмат разважаць і казаць пра гэта.
У маім прадчуванні таямніца жыцця Біскупа Чэслава Сіповіча выражаецца ў выключнай набожнасці і сувязі з Марыяй, якая была для яго духоўным паратункамі абаронай дабрыні ўсяго стварэння, якой не могуць знішчыць ніякія катаклізмы, а нават жорсткасць войнаў і рэвалюцый.

3. Цяжкі лёс Прарока Еднасці Біскуп Чэслаў Сіповіч атрымаў у спадчыну і дзяліў са сваёй Грэка-каталіцкай Царквой, якая спаўняе гэтую місію і сёння. Апекуном нашай лацінскай, Рыма-каталіцкай Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца менавіта грэка-каталіцкі біскуп і мучанік Святы Язафат Кунцэвіч.
Унія была і застаецца прарочым заклікам для хрысціянаў Усходу і Захаду.

“Сведка добрай надзеі для Беларускага народу”4. Быць верным Богу і чалавеку – гэта не такая лёгкая справа. Толькі на Пан Езус Хрыстус можа гэта і тыя, хто ідзе за Ім. Напэўна, таму Біскуп Чэслаў быў так моцна духоўна звязаны са святым Пятром, бо Пётр быў вызначаны Панам, між іншым, каб узмацняць братоў у веры, а гэта азначае і ў вернасці.

5. Айцец Аляксандар Надсан у сваім апісанні жыцця і дзейнасціі Біскупа Чэслава Сіповіча акрэсліў яго святарскую і біскупскую паслугу, як няспыннае змаганне за справядлівасць для Касцёла і свайго народу.
Як сведчыць айцец Надсан: “Біскуп Сіповіч ніколі не забываў, што з’яўляецца святаром, для якога ўсе людзі, незалежна ад паходжання, расавай прыналежнасці, мовы і рэлігійных перакананняў – гэта Божыя дзеці”.
У гэтым духу, разам са сваімі братамі марыянамі стварыў Беларускую Каталіцкую Місію ўсходняга абраду ў Лондане, якая з цягом часу сталася рэлігійна-духоўным Цэнтрам культуры Беларусоў у Вялікай Брытаніі. Цэнтрам, які жыве па сённяшні дзень, з яко капліцай святых Пятра і Паўла, а таксама Бібліятэкай і музеем Францішка Скарыны.
Да гэтага трэба дадаць і тую вялікую спадчыну яго пісменніцкай, навуковай і культурнай дзейнасці, якая і чыніць з яго Вялікага Сведку добрай надзеі для Беларускага народа ў нашым “тут і цябер” на Беларусі і па-за яе межамі.

***

У сувязі з гэтым, на заканчэнне, хацелася б падзяліцца з Вамі пэўнай сваёй марай. Ведаем, як моцна быў прывязаны Біскуп Чэслаў Сіповіч да пэўнага мястэчка на Беларусі, якое называецца Друя. Яго назва была нават адным з яго літаратурных псеўданімаў. Цяпер Друя прыходзіць у заняпад. А ці не варта было б зрабіць у ёй штосці падобнае да Лонданскага Цэнтра: Дом Памяці і Сустрэчаў імя Біскупа Чэслава Сіповіча. Была б гэта вялікая праца, у якую трэба было б аб’яднаць намаганні касцельных і манаскіх структураў, іншых інстытутаў і асобаў не толькі Беларусі, але Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны і Расіі. І гэта быў бы прыгожы, жывы помнік і пэўнае спаўненне мараў добрага Сведкі Надзеі – Біскупа Чэслава Сіповіча. Хто ведае, мары часам спаўняюцца. Амэн.

9.12.2014

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier