
У ноч з 30 на 31 кастрычніка 2014 г., на 91-м годзе жыцця, адышоў у вечнасць біскуп-эмерыт Івана-Франкоўскай архіепархіі УГКЦ Сафрон (Мудры).
Пахаванне Уладыкі Сафрона адбудзецца ў нядзелю, 2 лістапада 2014 г., у Івана-Франкоўску.
У суботу, 1 лістапада, у 18:00 гадз. - Архіерэйскі парастас у катэдральным саборы Уваскрасення Хрыстовага, які ўзначаліць Яго Блаславенства Святаслаў, Першаіерарх УГКЦ.
Вечная памяць!***
Уладыка Сафрон нарадзіўся 27 лістапада 1923 г. у Золачыве. Пачатковую і сярэднюю адукацыю атрымаў у Золачыве, а пазней у Аўгсбургу (Нямеччына) скончыў курс электраінжынерыі. Пасля вайны пакінуў Нямеччыну і пераехаў у Даўсон (Пенсільванія, ЗША), дзе ў 1949 годзе ўступіў у манастыр айцоў-базыльянаў.
14 студзеня 1955 г. склаў вечныя шлюбы, прыняўшы імя Сафрон. Пазней быў пасланы ў Рым, дзе вывучаў багаслоўе ў Грыгарыянскім універсітэце, атрымаўшы ў 1958 годзе ступень магістра. Тут, у Рыме, 25 сьнежня 1958 года прыняў святарскія свячанні з рук архібіскупа Івана (Бучка).
У Латэранскім універсітэце вывучаў рымскае і кананічнае права, а ў 1963 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. У 1966 - 1969 гадах у гэтым жа універсітэце вывучаў кананічнае права Усходніх Цэркваў. Пазней стаў прафесарам Папскага інстытута Усходніх студыяў.
З 1960 да 1974 год выконваў абавязкі віцэ-рэктара, а на працягу 1974-1994 гадоў быў рэктарам Папскай украінскай калегіі св. Язафата ў Рыме.
У васьмідзесятых гадах ХХ ст. а. Сафрон стараўся несці дапамогу беларускім грэка-каталіцкім вернікам, якія жылі ў падполлі.
У кастрычніку 1994 г. вярнуўся ва Украіну (у Івана-Франкоўск), дзе быў прызначаны рэктарам Івана-Франкоўскага тэалагічна-катэхітычнага духоўнага інстытута.
12 траўня 1996 г. адбылася яго біскупская хіратонія ў катэдральным саборы Уваскрасення Хрыстовага г. Івана-Франкоўска.
За час праўлення Івана-Франкоўскай епархіяй Уладыка Сафрон паспрыяў развіццю Івана-Франкоўскага тэалагічна-катэхетычнага духоўнага інстытута (цяпер Тэалагічная акадэмія) і вывеў яго ў лік лепшых духоўных навучальных устаноў Украіны.
Усяго за час свайго біскупства рукапаклаў больш за 130 святароў. Ён таксама ўдзяліў святарскія свячанні большасці святароў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.