У службе беларускай культуры
Імя Біскупа Чэслава Сіповіча, Апостальскага Візітатара для беларусаў грэка-католікаў у замежжы (1960-1981 гг.), рэлiгiйнага i грамадска-культурнага дзеяча ХХ стагоддзя, залатымі літарамі запісана ў гісторыю беларускай культуры. У 1947 г. рашэннем Кангрэгацыi па справах Усходняй Царквы а. д-р Чэслаў Сіповіч быў прызначаны рэктарам Беларускай Каталiцкай Мiсii ўсходняга абраду ў Вялiкабрытанii і з красавiка таго ж года распачаў сваё служэнне ў Лондане. Поруч са святарскімі абавязкамі ён прымаў актыўны ўдзел у жыцці паваеннай беларускай эміграцыі на Захадзе. На правах сябра ён уваходзіў у Згуртаванне беларусаў Велікабрытаніі. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі ды дзейнасці Ангельска-беларускага таварыства, дзе выступаў з рэфэратамі гісторыка-культуралагічнага характару. Біскуп Чэслаў Сіповіч – адзін з арганізатараў Беларускай школы св. Кірылы Тураўскага і інтэрната (1961). Ён так сама – ініцыятар адкрыцьця й заснавальнік славутае Беларускае бібліятэкі імя Ф. Скарыны і музея пры ёй ў Лондане (травень 1971).
|