Пошук

Каляндар

 

Да 100-годдзя з дня нараджэння Біскупа Чэслава Сіповіча  


Да 100-годдзя з дня нараджэння Біскупа Чэслава СіповічаУ Росіцы грэка-каталіцкія пілігрымы ўшанавалі памяць Апостальскага Нунцыя архібіскупа Габрыэля Мантальва і біскупа Чэслава Сіповіча.

У рамках штогадовых урачыстасцяў у гонар Росіцкіх мучанікаў айцоў-марыянаў Юрыя (Кашыры) і Антона (Ляшчэвіча) грэка-каталіцкія пілігрымы, што прыбылі на свята з розных парафіяў Беларусі, ушанавалі памяць першага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі архібіскупа Габрыэля Мантальва (1993-1994) і першага грэка-каталіцкага біскупа ў ХХ стагоддзі Уладыкі Чэслава Сіповіча.

Увечары 1-га жніўня 2014 г. у росіцкім храме пілігрымы адспявалі Акафіст да Багародзіцы, як падзяку за нястомнае служэнне для дабра Каталіцкай Царквы ў Беларусі гэтых двух ерархаў – архібіскупа Габрыэля і Біскупа Чэслава.
2-га жніўня 2014 г. споўнялася 8 год ад смерці архібіскупа Габрыэля, а 4-га жніўня 2014 г. прыпадае 54-я гадавіна біскупскай хіратоніі Уладыкі Чэслава.

На Боскай Літургіі ў грэка-каталіцкім абрадзе, якая служылася раніцай 2-га жніўня 2014 г., архімандрыт Сяргей (Гаек) нагадаў у казанні, што малітоўны ўспамін у Росіцы архібіскупа Габрыэля і біскупа Чэслава мае сімвалічнае значэнне.
Блаславёны святамучанік Юры (Кашыра) быў прэфектам (семінарыйным выхаваўцам) маладога семінарыста Чэслава Сіповіча ў Вільні ў 1935 - 1938 гг.
Мансінёр Габрыэль Мантальва, які працаваў ў Дзяржаўным Сакратарыяце Апостальскай Сталіцы, на працягу шмат гадоў займаўся Царквой у Беларусі і аказваў дапамогу біскупу Чэславу (Сіповічу) ў ягоным служэнні. Ведаў ён таксама пра постаці Росіцкіх мучанікаў ды пра іх бэатыфікацыйны працэс.

Пра светлыя постаці Росіцкіх мучанікаў і пра біскупа Чэслава архібіскуп Габрыэль Мантальва успамінаў, калі нёс служэнне першага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі (1993 -1994 г.).

Святы Айцец Ян Павел ІІ амаль у той самы час – вясной 1993 г. - прызначыў Апостальскім Нунцыем у Беларусі архібіскупа Габрыэля Мантальва ды Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі а. Сяргея (Гаека).

***
Архібіскуп Габрыэль Мантальва (Gabriel Montalvo Higuera), калумбіец па нацыянальнасці, нарадзіўся 27 студзеня 1930 г. у горадзе Санта-Фе-дэ-Багата (сталіца Калумбіі). Атрымаў навуковыя ступені бакалаўра багаслоўя і доктара кананічнага права. Вучыўся таксама ў Папскай Царкоўнай Акадэміі (дыпламатычны інстытут Святога Пасада) у Рыме. Доўгія гады працаваў у Дзяржаўным Сакратарыяце Апостальскай Сталіцы, дзе займаўся справамі Царквы ва Усходняй Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі. 14 чэрвеня 1974 г. Папам Паўлам VI быў узведзены ў сан архібіскупа.

Архібіскуп Габрыэль Мантальва стаў першым акрэдытаваным Апостальскім Нунцыем у незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Ён быў прызначаны на гэтую пасаду 17 красавіка 1993 г. Папам Янам Паўлам II. Прыбыў у беларускую сталіцу 11 мая 1993 г. Завераныя копіі даверчых лістоў ён прадставіў 12 мая 1993 г. Намесніку Міністра Замежных Спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Астапенка. У гэты ж дзень ён прадставіў даверчыя лісты Станіславу Шушкевічу, Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
Абавязкі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі ён выконваў да 17 мая 1994 г. Пасля ён працягваў выконваць абавязкі Старшыні Папскай Царкоўнай Акадэміі ў Рыме. 7 снежня 1998 г. Папам Янам Паўлам II быў прызначаны Апостальскім Нунцыем у Злучаных Штатах Амерыкі. 16 снежня 2005 г. скончыў дыпламатычную службу і сышоў на пенсію.

Памёр 2 жніўня 2006 г. у Рыме. 5 жніўня 2006 г. заўпакойную св. Імшу ў рымскім Саборы Святога Пятра ўзначаліў Дзяржаўны Сакратар Апостальскай Сталіцы кардынал Анджэла Садана. Каля труны архібіскупа Габрыэля Мантальва маліліся былы Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Дамінік Грушаўскі і Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек).

Больш падрабязную біяграфію архібіскупа Габрыэля Мантальва можна знайсці на сайце Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі: http://nunciature.catholic.by/be/svpasad-i...l-montalva.html

5.08.2014

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier