Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі СВЯТА ПЕРАМЯНЕННЯ ГАСПОДНЯГА  


Архіўная казань

 

“Увайсці ў свет Божага святла і Хрыстовага Крыжа”

1)Перамяненне Госпада на гары Табор – евангельская падзея, асаблівая ў сваім родзе. Гэты момант зямнога жыцця Ісуса Хрыста вылучаецца на фоне іншых Яго дзеянняў. Хрыстос рабіў шмат цудаў: аздараўляў, выганяў дэманаў, памнажаў хлеб, перамяняў ваду ў віно. Акрамя гэтага Ён шмат прапаведваў і навучаў. Але ўсе гэтыя падзеі адбываліся ў межах звычайнага рытму чалавечага жыцця. У падзеі ж Перамянення мы сустракаемся з нечым значна больш захапляльным.
У тэксце Евангелля чытаем: “Перамяніўся перад імі; і аблічча Яго заззяла, як сонца, а адзенне Яго сталася белым, як святло” (Мц 17, 2).
Вучні бачаць Хрыста ў такім абліччы, як Ён размаўляе з Майсеем і Іллём. Уся гэтая сцэна пабудзіла апостала Пятра да простых словаў: “Госпадзе, добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну” (Мц 17, 4).

2) Унікальнасць гэтай падзеі ў тым, што Збаўца выводзіць сваіх вучняў з межаў гэтага свету і паказвае ім новую рэальнасць, рэальнасць Божага Валадарства. Рэальнасць, дзе час не мае ўлады - таму Госпад размаўляе з Майсеем і Іллём - рэальнасць, дзе ззяе Святло праведнасці. Трапіўшы на момант у гэтую рэальнасць, вучні гатовыя заставацца тут. Св. Еранім так каментуе словы Пятра: “Той, хто падымаецца да высокага, не мае жадання сыходзіць да зямнога, а хоча пастаянна знаходзіцца ў вышыні”.
Словы Пятра заканамерныя, яны глыбока адлюстроўваюць унутраны стан не толькі апосталаў, але і многіх з нас, калі мы ўпершыню сустракаемся з узрушлівымі з'явамі духоўнага свету. Мы гатовыя на ўсё забыцца і жадаем далей знаходзіцца там, дзе нам добра. Але духоўныя радасці даюцца не для таго, каб мы пасіўна атрымлівалі ад іх задавальненне. Паказаўшы вучням вобраз будучай радасці, Хрыстос разам з імі спускаецца ў свет, дзе ім (і нам) яшчэ над многім трэба будзе папрацаваць.

3) На горнай вяршыні адбываліся самыя важныя сустрэчы Бога з чалавекам: Майсей атрымаў Закон, Ілля пачуў дыханне Духа. На гары Ісус паказвае ў Сабе Самім перамяненне чалавека: ад хваробы страху і нянавісці - да Боскага святла.
Унізе, на роўнай зямлі прарокаў заўсёды чакала расчараванне і непрыманне: Майсей убачыў залатога ідала, Ілля - адступніцтва і ганенне. Ісус спускаецца, каб адправіцца на сустрэчу Сваім пакутам, смерці і Уваскрасенню - каб перамяненне Любаснага Сына не спынілася на Ім, але каб кожны мог пайсці па Яго шляху - стаць любасным сынам ці дачкой Айца, жыць Яго Святлом. Гэтае свята запэўнівае нас, што мы можам увайсці ў гэты свет Божага святла і Хрыстовага Крыжа, які адкрывае шлях усеагульнага ўваскрасення.

4) Перад намі паўстае чалавек, за якога Бог можа радавацца, а не смуткаваць, чалавек, які цалкам ажыццявіў Божы задум пра Яго, сапраўдны чалавек, Богачалавек. У чым яшчэ можа заключацца для нас Валадарства Божае, як не ў прыпадабненні Богу, не ў станаўленні такімі, якімі Ён хоча нас бачыць?
На гары Табор Бог, які стаўся чалавекам, паказвае нам шлях і мэту нашага зямнога быцця: добра нам быць у святле Божага Валадарства, але каб успадкаваць гэтую радасць, нам трэба стацца яго вернымі дзецьмі ў жыцці тут, унізе, спусціцца з гары, і пранесці свой крыж да канца.


Аўтар - а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

7.08.2019

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier