Пошук
Нядзельнае казаньне
серада
САКАВІКА |
АГУЛЬНАЯ ПАНАРАМА ЎСХОДНІХ ЦЭРКВАЎ
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква належыць да вялікай сям'і Ўсходніх Цэркваў. Ніжэйпададзены нарыс дае агульную панараму Ўсходніх Цэркваў. Усход (дакладней - Блізкі Ўсход) быў ня толькі месцам нараджэньня хрысьціянства (Палесьціна), але таксама рэгіёнам яго першай экспансіі. З Палесьціны хрысьціянства пашырылася на прасторы Сірыі, Месапатаміі, Малой Азіі, Афрыкі, а потым на абшары Грэцыі і Рыму. На Ўсходзе на працягу некалькіх першых стагоддзяў хрысьціянства ўсталявалася пяць галоўных кругоў літургічнай традыцыі, названых абрадамі. Гэтыя традыцыі: 1. александрэйская; 2. антыёхская (заходнесірыйская); 3. халдзейская (усходнесірыйская); 4. візантыйская (канстанцінопальская); 5. армянская. Да вышэйпералічаных традыцыяў (абрадаў) сёньня належаць усе Ўсходнія Цэрквы. (Вызначэньне Ўсходнія Цэрквы мае хутчэй гістарычны, чым геаграфічны характар.) Гэтыя Цэрквы бяруць свой пачатак ва ўсходняй частцы Рымскай імперыі. За часам, асабліва ў выніку новых перасяленьняў, вернікі гэтых Цэркваў апынуліся таксама ў іншых рэгіёнах сьвету. Шмат з гэтых абрадаў маюць нацыянальные ці рэгіянальныя адметнасьці (напрыклад, візантыйска-румынскі абрад). Так як на працягу гісторыі ва ўлоньні Ўсходніх Цэркваў адбываліся дактрынальныя спрэчкі і падзелы (нестарыянізм, монафізітызм і т.п.), некаторыя абрады захаваліся ў акрэсьленых канфесіях, стаўшы нібыта іх уласнасьцю (напрыклад, антыёхскі абрад стаў зьвязвацца за дахалкідонскай Сірыйскай Артадаксальнаяй Царквою). Працэс аднаўленьня еднасьці з Рымам (пачынаючы з XV стагоддзя) даў плён ў межах паасобных літургічных традыцыяў (абрадаў) узьнікненьнем Уніяцкіх (Каталіцкіх) Цэркваў. Гэта азначае, што сёньня амаль кожны абрад (за выключэньнем мараніцкага, як разнавіднасьці антыёхскага обраду) практыкуецца як нацыянальнымі Ўсходнімі Цэрквамі (асірыйская, дахалкідонскія, візантыйскія), так і Уніяцкімі Цэрквамі. Паводле дактрыны Ўсходнія Цэрквы падзяляюцца на чатыры асобныя групы: 1. Асірыйская Царква Яна была першаю Царквою, якая аддзялілася ад старажытнай хрысьціянскай экумены, непрыняўшы пастановаў Усяленскага сабору 431 года ў Эфесе. У мінулым яе называлі "нестарыянскаю" Царквою. Асірыйская Царква практыкуе залдзейскі ці ўсходнесірыйскі абрад. 2. Халкідонскія Цэрквы Асобнай групай у межах Цэркваў усходняй традыцыі зьяўляюцца дахалкідонскія Цэрквы (тыя, што не прынялі пастановаў Халкідонскага Ўсяленскага сабору 451 года). Калісьці іх не зусім слушна называлі "монафізіцкімі". Сёньня іх таксама акрэсьліваюць назваю Арынтальныя Артадаксальныя Цэквы або Арыентальныя Цэрквы. Гэтакімі зьяўляюцца невізантыйскія Цэрквы, якія практыкуюць александрыйскі, антыёхскі ці армянскі абрады, у залежнасьці ад рэгіёну і культуры. Дахалкідонскія Цэрквы самавызначаюцца як праваслаўныя Цэрквы (таксама існуе назва "стараправаслаўныя"). У англамоўнай літаратуры функцыянуе назва Oriental Orthodox Churches (у адрозьненьне ад Eastern Orthodox Churches для вызначэньня візантыйскага праваслаўя). 3. Праваслаўныя Цэрквы Найвялікшая група сярод Ўсходніх Цэркваў - гэта праваслаўныя Цэрквы, якія практыкуюць візантыйскі абрад. Еднасьць паміж візантыйскай Царквою і Заходняй Царквою парвалася ў 1054 годзе. Разам абедзьвюм Цэрквам засталася спадчына сямі першых Усяленскіх сабораў. 4. Усходнія Каталіцкія Цэрквы Усходнія Цэрквы, зьяднаныя з Рымам, ці Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы, бяруць пачатак ад Уніі з Рымам паасобных Ўсходніх Цэркваў розных традыцыяў, што стала прычынаю таго, што гэтыя Цэрквы практыкуюць усе пяць літургічных абрадаў. Таму назва Уніяцкія Цэрквы не адносіцца толькі да Цэркваў візантыйскай традыцыі. Абрадавую і дактрынальную прыналежнасьць паасобных Ўсходніх Цэркваў ілюструюць ніжэйпададзеныя табліцы. I. Халдзейскі абрад (усходнесірыйскі)
II. Антыёхскі абрад (заходнесірыйскі)
III. Александрыйскі абрад
IV. Армянскі абрад
V. Візантыйскі абрад
С.Г. Газета "Царква", №3-4' 1996г. |
23.05.2008
|