Пошук

Каляндар

 

27 чэрвеня – памяць Блаславёнага сьвятамучаніка Мікалая (Чарнецкага)  


27 чэрвеня – памяць Блаславёнага сьвятамучаніка Мікалая (Чарнецкага)У 2014-тым годзе спaўняецца 130 гадоў ад нараджэньня і 55 гадоў ад сьмерці сьвятамучаніка Мікалая, Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Заходняй Беларусі. Памяць сьвятамучаніка Мікалая адзначаецца 27 чэрвеня. Ён застаецца асаблівым нябесным апекуном вернікаў, якія сёньня жывуць на тэрыторыях ягонага архіпастырскага служэньня.

Мікалай Чарнецкі нарадзіўся 14 сьнежня 1884 г. ў заходне-ўкраінскай вёсцы Семакоўцы. Бацькі яго, Аляксандар і Параскева, былі простымі сялянамі, якія жылі і працавалі пры парафіі а. Каратніцкага, які апекаваўся іх шматдзетнай сям'ёй. Пачатковую адукацыю і сярэднія класы скончыў у в. Тлумач і паступіў у гімназію сьв. Мікалая ў Станіслававе (сёньня Івана-Франкоўск). У гімназіі Мікалай вызначаўся вялікай пільнасьцю і дабрынёй -- Сьвяты Дух дзейнічаў у ягонай душы, якая заўсёды была адкрытая на Яго натхненьне і Яму паслухмяная.

Неўзабаве ён заявіў пра сваё жаданьне прысьвяціць сябе Богу як сьвятар і паступіў у духоўную семінарыю ў Станіслававе. Пры падтрымцы біскупа Рыгора Хамішына ў 1903 г. Мікалай едзе на навучаньне ў Рым, дзе напрацягу шасьці гадоў вывучае філасофію і багаслоўе ў Калегіі сьвятамучаніка Язафата ў Рыме. Падчас візіту ва Ўкраіну 2 кастрычніка 1909 г. Уладыка Рыгор Хамішын высьвяціў Мікалая на сьвятара. Пасля прыміцыйнай Літургіі ён вяртаецца ў Рым, каб працягнуць навучаньне. Скончыўшы сваю адукацыю ў Рыме, ён атрымаў ступень доктара багаслоўя. Увосень 1910 г. а. Мікалай Чарнецкі вяртаецца ў Станіславаў і становіцца прафесарам філасофіі і фундаментальнай дагматыкі. Адначасова выконвае функцыі духоўніка семінарыі, рупліва працуючы над асьвячэньнем сваім і давераных яго апецы душ.

Аднак сэрца маладога сьвятара Мікалая ірвалася да манаскага жыцьця. У пачатку 1918 г. два манахі Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Збавіцеля (Ордена рэдэмптарыстаў) а. Ёзаф Схрэйверс і а. Ёзаф Бала наведалі семінарыю. Даведаўшыся пра іх харызму, ён вырашае ўступіць у гэты Ордэн, які толькі разгортваў сваю дзейнасьць у Галічыне. Уладыка Рыгор Хамішын з цяжкім сэрцам адпускаў а. Мікалая, кажучы: "Так лепшыя мяне пакідаюць!" У кастрычніку 1919 г. а. Мікалай Чарнецкі ўступае ў навіцыят айцоў-рэдэмптарыстаў у Збоісках паблізу Львова, а 16 кастрычніка 1920 г. складае свае першыя манаскія абеты.
Імкнучыся працаваць для зьяднаньня і прымірэньня хрысьціянаў і духоўна занядбаных людзей, у 1926 г. айцы-рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі адчыняюць у горадзе Ковелі на Валыні місіянерскі цэнтар. Як дбайны місіянер, туды быў пасланы ераманах Мікалай. Неўзабаве ён здабыў вялікую павагу сярод мясцовых людзей, нават сярод праваслаўнага духавенства. Сваёй эрудыцыяй, а разам з гэтым прастатой, прыцягваў да сябе народ, а праз сябе – да Хрыста і паўсюднай Царквы.

Заўважыўшы руплівую працу а. Мікалая Чарнецкага, Папа Пій XI ў 1931 г. прызначыў яго біскупам і Апостальскім візітатарам для каталікоў усходняга абраду на Валыні, Палесьсі, Падляшшы і Холмшчыне. На гэтых землях Уладыка Мікалай служыў амаль 14 гадоў як архіпастыр для вернікаў, якія ў рамках Нэа-уніі вярталіся ў Каталіцкую Царкву.

У 1924 г. Ордэн езуітаў візантыйскага абраду адчыніў цэнтар Усходняй Місіі ў Альбярціне, што каля Слоніма. У 1931 г. езуіты заснавалі Папскую ўнійную семінарыю ў г. Дубне (Украіна). Уладыка Мікалай, як Апостальскі візітатар, наведваў душпастырскія цэнтры езуітаў, ездзіў па ўсіх нэа-унійных парафіях і калоніях Заходняй Беларусі, Валыні, Падляшша, Холмшчыны. Згодна з воляй Сьвятога Айца, Уладыка Мікалай стаў архіпастырам тэрыторыі, асьвячанай жыцьцёвай дарогай сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага (1623).

У 1939 г. савецкія ўлады выгналі рэдэмптарыстаў з Ковеля, а разам зь імі і Ўладыку Мікалая. Таму ён быў вымушаны пасяліцца ў Львове. Пасля аднаўленьня дзейнасьці Львоўскай Багаслоўскай Акадэміі ў 1941 г., Уладыка Мікалай стаў адным з яе прафесараў: ён выкладаў некаторыя філасофскія дысцыпліны, псіхалогію і маральнае багаслоўе.

Калі ў 1944 г. савецкія войскі другі раз занялі Галічыну, пачаўся доўгі і цяжкі крыжовы шлях Уладыкі Мікалая. 11 красавіка 1945 г. яго арыштавалі і трымалі ў турме НКУС, дзе жудасна над ім зьдзекаваліся. Пасля перавялі ў Кіеў, дзе трымалі цэлы год, пакуль справу разгледзелі ў судзе. Нарэшце, абвясьцілі прысуд: як "агенту Ватыкана" - 10 гадоў у зоне ўзмоцненага рэжыму. Спачатку біскупа Мікалая (Чарнецкага) разам з мітрапалітам Язэпам (Сліпым) адправілі ў сібірскае мястэчка Марыінская Кемераўскай вобласці, а пазней яго часта пераводзілі з адной зоны ў іншую.

Апошнія гады свайго зьняволеньня Кір Мікалай правёў у турэмным шпіталі ў Мардовіі. У 1956 г. стан здароўя яго настолькі пагоршыўся, што лекары, нават, не спадзяваліся, што ён застанецца жывым. Лагернае кіраўніцтва лічыла яго безнадзейна хворым, таму вырашыла адправіць Уладыку Мікалая ў Львоў.

У 1956 г. біскуп Мікалай (Чарнецкі) вярнуўся ў Львоў, дзе адразу прыйшлося легчы ў бальніцу. Усе думалі, што Кір Мікалай адтуль ня выйдзе, але Госпад працягнуў яго жыцьцё. Праз некаторы час Уладыка ачуняў, што здавалася цудам. Кір Мікалай працягваў сваё апостальства малітвы і цярпеньня за паству, якой ён раней служыў у Беларусі, на Валыні і на Падляшшы. Нават, калі быў цяжка хворы, пакутнік Мікалай заставаўся верным сваёй місіі Добрага Пастыра: духоўна падтрымліваў сваіх субратоў, рыхтаваў кандыдатаў да сьвятарства, высьвяціў больш за дзесяць сьвятароў.
Паляпшэньне стану здароўя Ўладыкі Мікалая ня было доўгім; 2 красавіка 1959 г. біскуп-пакутнік адышоў да свайго Госпада.

Пахаваньне біскупа Мікалая (Чарнецкага) адбылося 4 красавіка 1959 г. Улічваючы сьведчаньне праведнага жыцьця сьветлай памяці Кір Мікалая, у прыватнасьці, яго вытрываласьць, мужнасьць і вернасьць Хрыстовай Царкве, выяўленыя ў часы пераследу, у 1960 годзе быў распачаты працэс беатыфікацыі.
Дня 24 красавіка 2001 года Сьвяты Айцец Ян Павел II падпісаў дэкрэт аб беатыфікацыі біскупа Мікалая (Чарнецкага) як блаславёнага мучаніка за Хрыстовую Веру.
Падчас Сьвятой Архіярэйскай Літургіі 27 чэрвеня 2001 г. у Львове Папа – святы Ян Павел II -- абвясьціў сьвятамучаніка Мікалая (Чарнецкага) блаславёным.

ераманах Зьміцер Чарнель, рэдэмптарыст

27.06.2014

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier