Сакратар Апостальскай Нунцыятуры сустрэўся з Папам Францішкам
 Сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь мансіньёр Філіппо Чампанэлі сустрэўся з Яго Святасцю Папам Францішкам. Падчас размовы мансіньёр Чампанэлі распавёў Папу Францішку аб жывой веры і сталай малітве, якой католікі Беларусі суправаджаюць асобу Пантыфіка і яго місію. У сваю чаргу, Святы Айцец выказаў яшчэ раз усяму беларускаму народу сваю шчырую сімпатыю і запэўніў у сваёй малітве за мір і стабільнасць у краіне. Пантыфік благаславіў католікаў Беларусі і паабяцаў сваю духоўную прысутнасць падчас сёлетняй урачыстасці Маці Божай у Будславе. Напрыканцы Папа Францішак заахвоціў да намаганняў дзеля ўтрымання і ўзмацнення братэрства і супрацоўніцтва паміж католікамі і праваслаўнымі краіны, якое было ажыўлена нядаўняй сустрэчай праваслаўных і каталіцкіх біскупаў у Мінску. Паводле паведамлення Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь
|