
18 мая 2014 г., у 94-ю гадавіну нараджэння св. Яна Паўла ІІ, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася Імша падзякі за яго кананізацыю. Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Папа Ян Павел ІІ быў кананізаваны 27 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, разам з Папам Янам ХХІІІ.
У Імшы падзякі прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары, кансэкраваныя асобы, мінскія вернікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.



Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на пачатку Імшы нагадаў, што 94 гады таму ў невялікім польскім горадзе Вадавіцы нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Караль. Пазней ён пайшоў у падпольную семінарыю, стаў святаром, затым біскупам, кардыналам, а ў 1978 г. стаў вядомы свету як Папа Ян Павел ІІ. Гэты Пантыфік, па словах Мітрапаліта, «унёс у жыццё новы подых – подых Другога Ватыканскага Сабору», «стаў голасам тых, хто не мог прамаўляць», «шмат учыніў для развіцця сацыяльнай справядлівасці», быў чалавекам «вельмі шырокага погляду, які клапаціўся аб міры ў свеце, дыялогу паміж канфесіямі, рэлігіямі».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў, як сустракаўся з Янам Паўлам ІІ за месяц да яго смерці. Тады, калі сённяшні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі служыў у Расіі, Папа, якому заставалася быць на зямлі месяц, спытаўся ў яго: «Што чуваць у Маскве?»
Іерарх дадаў, што «Бог паклікаў Яна Паўла ІІ да сябе акурат у вігілію свята Божай Міласэрнасці ў 2005 г.», а сёлета ў свята Божай Міласэрнасці Папа Францішак кананізаваў яго разам з «яшчэ адным вялікім Пантыфікам – Янам ХХІІІ». «Кананізацыя гэтых двух Папаў – як быццам пацвярджэнне актуальнасці вучэння Другога Ватыканскага Сабору, – адзначыў Мітрапаліт. – Сёння мы прыйшлі на гэтую Імшу, каб прасіць заступніцтва Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ».
Апостальскі Нунцый узгадаў, што менавіта Ян Павел ІІ удзяліў яму біскупскае пасвячэнне, і прызнаўся, што, рыхтуючыся да гэтай Імшы, думаў над тым, што асабліва могуць сказаць гэтыя два святыя менавіта ў дадзеным геаграфічным месцы, у Беларусі.
Два гэтыя святыя Пантыфікі, як заўважыў арцыбіскуп, — «дзве розныя фігуры», але «абодва яны нясуць Касцёлу вельмі важную вестку». Па словах Апостальскага Нунцыя, характэрнай рысай Яна ХХІІІ была «вялікая радасць – радасць ад жыцця з Хрыстом». Яго вера, як дадаў арцыбіскуп, павяла яго вельмі далёка, дазволіла пераступіць многія бар’еры таго часу. Гэты Папа, як адзначыў іерарх, хоць і быў вельмі далікатным чалавекам, аднак змог праявіць у тыя часы голас Касцёла.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што Ян ХХІІІ меў адкрытае для ўсіх сэрца, а таксама меў вялікую надзею. Апостальскі Нунцый прыгадаў яго словы на адкрыццё Другога Ватыканскага Сабору, дзе Папа кажа, што душы, якія страцілі веру, не бачаць нічога іншага, акрамя аблокаў, што знаходзяцца над зямлёй; кажа, што «мы давяраем Богу, спадзяемся на Яго». Падобнае, як заўважыў прадстаўнік Святога Айца, адчуваецца і ў словах Яна Паўла ІІ на распачацце яго Пантыфікату. Арцыбіскуп заахвоціў прысутных услухацца ў гэтыя словы ўважліва, бо яны асабліва важныя для беларусаў: Ян Павел ІІ заклікаў тады «не баяцца», «адчыніць дзверы Хрысту», «адчыніць эканамічныя, палітычныя сістэмы», бо «толькі Ён ведае чалавека».
Па словах Апостальскага Нунцыя, «вера ў Хрыста, Збаўцу свету, падштурхнула Касцёл адкрыцца на гэты свет», каб адбыліся вялікія змены ў розных сферах, і абодва Папы прынялі ў гэтым удзел. Іерарх звярнуў увагу, што Ян Павел ІІ адчуваў сябе славянінам і вельмі ганарыўся гэтым, а каб падкрэсліць гэтую сваю прыналежнасць, напісаў энцыкліку «Slavorum Apostoli» («Апосталы славян»), прысвечаную святым Кірылу і Мятоду, тым самым хочучы паказаць, што гэтыя святыя могуць быць фундаментам для ўсяго Касцёла і ўсіх людзей. Апостальскі Нунцый узгадаў таксама малітву, якой заканчваецца гэтая энцыкліка і ў якой Пантыфік, у прыватнасці, піша: «Увесь Касцёл дзякуе Табе, Божа, што Ты паклікаў славянскія народы, каб яны жылі ў еднасці веры…»
Узгадаўшы пра ўкраінскі канфлікт, арцыбіскуп падкрэсліў той момант, які яднае двух гэтых Папаў, – іх зацікаўленасць у міры. Іерарх нагадаў, што ў той час, калі СССР і ЗША рыхтавалі зброю адзін супраць аднаго, Ян ХХІІІ меў адвагу паслаць ліст Мікіту Хрушчову, які потым быў надрукаваны ў газеце “Правда”. У лісце гаворыцца, у прыватнасці, пра «шматлікія сем’і, што знаходзяцца ў страху”, пра тое, што Касцёл будзе працаваць, пакуль не будзе дасягнута мэта – мір і братэрства; гучыць заклік да тых, хто кіруе светам, не быць глухімі да крыку чалавецтва і зрабіць усё магчымае, каб захаваць мір. «Працягваць дыялог, на розных узроўнях – правіла мудрасці, што сапраўды прыцягне благаслаўленне з неба на зямлю, - дадаў Апостальскі Нунцый. – Моц, якой з’яўляецца мір, абяззбройвае».
Кажучы пра Яна Паўла ІІ, арцыбіскуп адзначыў, што гэты Папа «вельмі добра ведаў цяжкасці атэістычнага перыяду, несправядлівасць». «Працаваўшы з ім, я памятаю, наколькі важнай была для яго свабода», – дадаў Апостальскі Нунцый.
Арцыбіскуп узгадаў словы Яна Паўла ІІ пра тое, што вайна – блюзнерства супраць Бога і крымінал супраць чалавецтва; што ніколі не позна зразумець адзін аднаго і пачаць дыялог. Прадстаўнік Святога Айца дадаў, што і Папа Францішак таксама заклікае да міру, напрыклад, пішучы сірыйскім палітыкам, у чым бачна пераемнасць сённяшняга Наступніка Пятра ў дачыненні да гэтых яго папярэднікаў.
Звяртаючыся да вернікаў, Апостальскі Нунцый падкрэсліў, што ніхто не зможа забраць у іх веру, «усе, хто спрабаваў зрабіць штосьці супраць веры, зніклі, а вера засталася». Арцыбіскуп папрасіў у малітве святых Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ дапамагчы «заўсёды адчыняць дзверы надзеі», дапамагчы мець адвагу, таксама і тады, «калі трэба ахвяраваць сябе, каб у свеце быў мір, свабода».