Пошук

Каляндар

 

27 чэрвеня – Сьвята ў менскай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі  


27 чэрвеня – Сьвята ў менскай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі

Паданьне сьцьвярджае, што ў XV стагоддзі ікона Маці Божай Нястомнай Дапамогі (грэцкі арыгінал XIV стагоддзя) была скрадзена нейкім купцом са сьвятыні на высьпе Крыт ды прывезена на караблі ў Рым. Падчас падарожжа на моры здарылася бура, і жыцьцё пасажыраў апынулася ў небясьпецы. Але дзівосная дапамога Божай Маці выратавала ўсіх ад вернай сьмерці. Перад сьмерцю адзін купец папрасіў свайго сябра перадаць ікону ў адзін з рымскіх храмаў. Аднак гэты чалавек пакінуў яе ў сябе. Толькі перад сваім сконам, калі Божая Маці зьявілася ў сьне ягонай дачцы і выказала жаданьне, каб ікону зьмясьцілі ў храме паміж базылікамі Сьвятой Марыі Найвялікай (Santa Maria Maggiore) і сьв. Яна на Латэране, жонка гэтага чалавека перадала ікону ў царкву сьв. Мацьвея.

Тры стагоддзі ікона была крыніцаю набожнасьці і шматлікіх ласкаў для вернікаў Эсквіліна, але ў 1798 годзе, пасьля разбурэньня царквы сьв. Мацьвея напалеонаўскімі войскамі, яна была перанесена ў царкву Santa Maria in Posterula над Цібрам. Там яна знаходзілася на працягу амаль 70 гадоў, і пра яе ніхто не ўзгадваў. Айцы-рэдэмптарысты, якія ўзводзілі храм у гонар сьв. Альфонса паблізу месца, дзе некалі ўзвышалася царква сьв. Мацьвея, зацікавіліся старажытнай іконай, і, дзякуючы шчасліваму выпадку, яна былы зноў адшукана. Рэдэмптарыст а. Міхаіл Марчы ўзгадаў, што, яшчэ будучы маленькім міністрантам, ён бачыў гэтую ікону ў адной з каплічак Santa Maria in Posterula. Там яе і знайшлі пад алтаром адной з капліцаў.

У 1866 годзе Папа Пій ІХ перадаў гэтую ікону Маці Божай пад апеку айцоў-рэдэмптарыстаў (www.cssr.livejournal.com ) і выказаў пажаданьне, каб яны пашырылі ўшанаваньне яе па ўсім сьвеце. З гэтага часу ва ўсёй Царкве вернікі ўшаноўваюць ікону Маці Божай Нястомнай Дапамогі і атрымліваюць ад яе шматлікія ласкі. Ва Ўсходняй Царкве ікона Маці Божай Нястомнай Дапамогі ўшаноўваецца як “Балесная” (Рымская). Цікава, што ня толькі сама рымская ікона мае цудатворную сілу, але таксама і яе копіі – паўсюль, дзе яны знаходзяцца.

Паводле выданьня: Акафіст да Маці Божай Нястомнай Дапамогі: Берасьце-Полацак “Сафія” 2000

26.06.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier