Пошук

Каляндар

 

ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!  


ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!Адышоў у вечнасць былы Першаіерарх Халдэйскай Каталіцкай Царквы

9 красавіка 2014 г. у ЗША памёр былы Патрыярх Халдэйскай Каталіцкай Царквы, кардынал Эмануэль ІІІ (Дэлі).
Ён праходзіў лячэнне ў адным са шпіталёў Сан-Дыега ў Каліфорніі.

Яго Святасць Папа Францішак выказаў спачуванне ў сувязі са смерцю іерарха і прызнаўся, што “быў глыбока засмучаны” весткай пра смерць кардынала, якога “успамінае з глыбокай удзячнасцю”.
Святы Айцец адзначыў “адданасць памерлага Патрыярха свайму народу (г. зн. народу асірыйцаў, якіх большасць належыць да каталіцкай Царквы халдэйскага абраду) і яго імкненне да паважлівых, справядлівых і мірных адносін з паслядоўнікамі іншых рэлігійных традыцый”. Папа даверыў яго “высакародную душу” бясконцай Божай міласэрнасці.

Эмануэль III Дэлі нарадзіўся 6 кастрычніка 1927 г. на тэрыторыі архіепархіі Масул (Ірак). Стаў святаром у 1952 г. Праз 10 гадоў Святы Сінод Халдэйскай Каталіцкай Царквы выбраў яго дапаможным біскупам халдэйскага-каталіцкага Патрыярхату Вавілоніі, што ў адпаведнасці са звычаямі і правіламі, прынятымі ва Усходніх Каталіцкіх Цэрквах, пацвердзіў праз некалькі тыдняў папа Павел VI.
3 снежня 2003 г. ён быў абраны Патрыярхам Вавілоніі.

Яшчэ да гэтага выбару, і неўзабаве пасля пачатку вайны ў Іраку, 22 сакавіка 2003 г. іерарх быў лёгка паранены асколкам падчас бамбёжкі Патрыярхату, але не пакінуў сталіцы.
Ён стараніўся палітыкі. І толькі ў маі 2007 г. упершыню з пачатку вайны пракаментаваў сітуацыю ў Іраку. Ён абвінаваціў улады гэтай краіны і замежныя ўзброеныя сілы ў пасіўнасці адносна насілля. Казаў пра цяжкія ўмовы, у якіх апынуліся хрысціяне ў Іраку, стаўшы перад абліччам знікнення з іракскай зямлі.

У калегію кардыналаў яго ўключыў папа Бенядыкт XVI 24 лістапада 2007 г. У 2012 г. першаіерарх Эмануэль ІІІ пакінуў пасаду з-за ўзросту і па стане здароўя.

Пахаванне памерлага іерарха адбудзецца 12 красавіка ў г. Дэтроіт (США), дзе жыве вялікая супольнасць вернікаў Халдэйскай Каталіцкай Царквы..

Са смерцю кардынала Эмануэля III Дэлі, Калегія кардыналаў налічвае 216 членаў з 67 краін, з якіх 120 з’яўляюцца выбаршчыкамі.


10.04.2014

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier