Пошук
Нядзельнае казаньне
|
нядзеля
ЛІСТАПАДА |
Нядзеля 22-я |
16 кастрычніка — 35-годдзе абрання кардынала Караля Вайтылы на Святы Пасад
Калегія кардыналаў, якая здзяйсняла выбар, налічвала 111 чалавек. Сярод кардыналаў выбаршчыкаў толькі 18 былі маладзейшыя за кардынала Вайтылу. Ён стаў наймалодшым з Папаў, якіх выбіралі на працягу паўтара стагоддзяў. Ян Павел ІІ быў першым за 455 гадоў Папам-неітальянцам (з Пантыфікату Адрыяна VI, які быў галандцам і кіраваў Касцёлам у 1522–1523 гг.), першым у гісторыі Папам-славянінам і першым Папам, які сваім абраным іменем узгадвае пра трох сваіх папярэднікаў: Яна XXIII, Паўла VI і Яна Паўла І. Калі ўдзельнікі канклаву азнаёміліся з вынікамі галасавання, Дзяржаўны Сакратар кардынал Війё задаў Мітрапаліту Кракаўскаму прадугледжанае рытуалам пытанне: «Ці прымаеш здзейснены хвіліну таму кананічны выбар тваёй асобы на Найвышэйшага Святара?» Відавочна ўзрушаны, кардынал Вайтыла адказаў: «У духу паслухмянасці Хрысту, майму Адкупіцелю і Пану, у духу даверу Яго Маці — прымаю». У адпаведнасці са звычаем, адразу пасля абрання новы Папа прымае ад кардыналаў выбаршчыкаў абяцанне паслухмянасці. Ян Павел ІІ здзейсніў мадыфікацыю ў гэтай цырымоніі, і гэтую мадыфікацыю, беручы пад увагу ўвесь стыль яго Пантыфікату, можна назваць сімвалічнай: у адрозненне ад папярэднікаў ён прымаў абяцанні кардыналаў стоячы, а не седзячы на троне. Увесь Пантыфікат Папы-паляка, які працягваўся 27 гадоў, быў напоўнены апостальскімі пілігрымкамі. Статыстыка падае, што ён здзейсніў 104 падарожжы і наведаў 132 краіны. Найчасцей ён наведваў сваю радзіму Польшчу (8 разоў), ЗША і Францыю (па 7 разоў). Ніякія бар’еры не былі для яго перашкодай. З аднолькавым запалам ён пілігрымаваў як у багатыя краіны Заходняй Еўропы, так і ў афрыканскія краіны, змучаныя беднасцю і канфліктамі. У кожнай з краін ён абвяшчаў сваё пасланне і рабіў гэта вельмі пранікнёна і жыва. Ян Павел ІІ стараўся дасягнуць кожнага чалавека і кожнаму прынесці радасную вестку ўваскрасення Езуса і надзею на ўласнае збаўленне. Вельмі шмат ён рабіў у справе экуменізму і паяднання хрысціян. Рашуча супраціўляўся антысемітызму, быў першым Папам, які наведаў сінагогу і маліўся перад ерузалемскай Сцяной Плачу. Шматразова падкрэсліваў уклад іўдаізму ў развіццё хрысціянства, а саміх яўрэяў называў «старэйшымі братамі ў веры». Клапаціўся таксама аб тым, каб усталяваць як мага лепшыя адносіны з мусульманамі: у 1999 г. пацалаваў Каран, які атрымаў у дар ад ісламскага духавенства. Усюды, дзе з’яўляўся, гэты Папа шукаў разумення і дыялогу. Пасля сябе Ян Павел ІІ пакінуў шмат лістоў, стварыў 14 энцыклік, 14 адгартацый, 11 апостальскіх канстытуцый, 43 апостальскія лісты. Ён кананізаваў 478 чалавек, беатыфікаваў 1318. Аўтар кніг «Памяць і самасвядомасць», «Устаньце, хадзем!», «Пераступіць парог надзеі», паэзіі — «Рымскі трыпціх» і драматычных твораў, сярод якіх найбольш вядомыя — «Перад ювелірнай крамай» і «Брат нашага Бога». Ян Павел ІІ умацоўваў верны люд усяго свету ў веры, навучаў Божай міласэрнасці, абвяшчаў цывілізацыю любові, бараніў права чалавека на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, клапаціўся пра сем’і, быў голасам хворых, прыніжаных і безабаронных. У гаміліі на інаўгурацыю свайго Пантыфікату, 22 кастрычніка 1978 г., Ян Павел ІІ сказаў: «Не бойцеся! Адкрыйце дзверы Хрысту! Адкрыйце дзверы Яго збаўчай уладзе, адкрыйце межы дзяржаў, эканамічныя і палітычныя сістэмы, шырокія абшары культуры, цывілізацыі і развіцця. Не бойцеся!» Гэтыя словы лічацца своеасаблівай праграмай яго Пантыфікату. Ян Павел ІІ адышоў у дом Айца ў вігілію свята Божай Міласэрнасці, 2 красавіка 2005 г., на вачах усяго свету. На плошчы св. Пятра тысячы вернікаў ядналіся са Святым Айцом у апошнія дні і хвіліны яго жыцця, падтрымліваючы яго малітвай. Пасля беатыфікацыйнага працэсу, які працягваўся няпоўных 6 гадоў, Папа Бэнэдыкт XVI 1 мая 2011 г. абвясціў яго благаслаўлёным. Літургічным успамінам Яна Паўла ІІ быў абраны дзень 22 кастрычніка — гадавіна інаўгурацыі яго Пантыфікату. 30 верасня 2013 г. Папа Францішак сустрэўся з кардыналамі на кансісторыі, падчас якога прызначыў на 27 красавіка 2014 г., нядзелю Божай Міласэрнасці, кананізацыю двух Папаў — Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ. Паводле Catholic.by |
|
17.10.2013
|






Сёньняшняе чытаньне:
