Пошук

Каляндар

 

Новапрызначаны Дзяржаўны Сакратар: добра адчуваю ласку гэтага паклікання і адказнасць  


Новапрызначаны Дзяржаўны Сакратар: добра адчуваю ласку гэтага паклікання і адказнасцьНовапрызначаны Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці арцыбіскуп Пьетро Паралін выказаў глыбокую ўдзячнасць Пантыфіку за давер, аказаны новым прызначэннем, а таксама «жаданне і поўную гатоўнасць супрацоўнічаць з ім і пад яго кіраўніцтвам для большай хвалы Божай, дабра Святога Касцёла, прагрэсу і міру для чалавецтва, каб яно знаходзіла прычыны для жыцця і надзеі».

«Я добра адчуваю ласку гэтага паклікання, якая з’яўляецца чарговай нечаканасцю Божай у маім жыцці, і асабліва адчуваю ўсю адказнасць, таму што мне давяраецца складаная і важная місія, перад абліччам якой мае сілы слабыя, а здольнасці бедныя», — адзначыў арцыбіскуп і дадаў, што ў выкананні гэтага задання давераецца Божай міласэрнасці і малітоўнай падтрымцы вернікаў.

Іерарх выказаў удзячнасць «усім за разуменне і дапамогу», якую яму будуць аказваць падчас працы на новай пасадзе. Арцыбіскуп падзякаваў сваёй сям’і, парафіі, роднай дыяцэзіі Вічэнца, краінам, у якіх працаваў: Нігерыі, Мексіцы і Венесуэле. «Я думаю таксама пра Папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI, які ўдзяліў мне біскупскую сакру, аб Дзяржсакратарыяце, які з’яўляецца маім домам ужо на працягу многіх гадоў, Яго Эмінэнцыі кардынале Тарчызіё Бэртонэ, іншых вышэйшых кіраўніках, калегах і супрацоўніках усёй Рымскай Курыі, папскіх прадстаўніках. Перад усімі вамі я вялікі даўжнік», — адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што «з хваляваннем, але таксама з даверам і спакоем» пачынае новае служэнне Евангеллю, Касцёлу і папу Францішку.

У той жа час, паведамляе Ватыканскае радыё, арцыбіскуп Каракаса кардынал Хорхе Уроса назваў прызначэнне арцыбіскупа на пасаду Дзяржаўнага Сакратара «важным рашэннем». Паводле кардынала, арцыбіскуп Паралін з’яўляецца чалавекам з «вялікім дыпламатычным досведам», які «ў мінулым кіраваў важнымі перамовамі паміж Апостальскай Сталіцай і В’етнамам, Кітаем і Расіяй». Кардынал дадаў, што ў Венесуэле арцыбіскуп заўсёды паводзіў сябе «разважліва і ўважліва, а таксама адыгрываў важную ролю ў працэсе збліжэння паміж Касцёлам і дзяржавай, паміж рознымі кампанентамі грамадства і ўладамі».

Святы Айцец Францішак прызначыў новага Дзяржаўнага Сакратара, якім стаў арцыбіскуп Пьетро Паралін, да гэтага часу Апостальскі Нунцый у Венесуэле, 31 жніўня. Папа прыняў адстаўку кардынала Тарчызіё Бэртонэ з пасады Дзяржаўнага Сакратара, папрасіўшы яго застацца на гэтай пасадзе да 15 кастрычніка.

Паводле Catholic.by

1.09.2013

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier