Пошук

Каляндар

 

1025-годдзе Хросту Кіеўскай Русі  


1025-годдзе Хросту Кіеўскай РусіСтаршыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі накіраваў віншавальны ліст да Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, павіншаваў Першаіерарха Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Вярхоўнага Архібіскупа Святаслава (Шаўчука) і членаў Сіноду Біскупаў, што з нагоды Юбілею 1025-годдзя Хросту Кіеўскай Русі праходзіць у Кіеве ў днях 11-18 жніўня 2013 г.

1025-годдзе Хросту Кіеўскай РусіСярод гасцей Сіноду знаходзіцца Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Дэлегат для грэка-католікаў у Казахстане і Сярэдняй Азіі мітрафорны протаіерэй Васіль Гавера а таксама Біскуп-Ардынарый для грэка-католікаў у Расійскай Федэрацыі Уладыка Іосіф Верт з Навасібірска.

Мінск, 6 жніўня 2013.

Яго Блаславенства
Найдастойнейшы СВЯТАСЛАЎ
Першаіерарх і Глава
Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы
КІЕЎ


Ваша Блаславенства!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прагну выказаць Вашаму Блаславенству, усім Найдастойным Уладыкам – членам Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы братэрскае прывітанне і шчырыя віншаванні з нагоды Юбілею 1025-годдзя Хросту Кіеўскай Русі.

Хрост Святога Уладзіміра ў 988 годзе адбыўся ў той час, калі Царква Канстантынопальскага Патрыярхату ды Рымская Царква жылі ў еднасці. Праз Таямніцу Хросту Кіеўская Русь увайшла ў супольнасць Адзінай, Святой, Каталіцкай і Апостальскай Царквы, у вялікую сям’ю хрысціянскіх народаў.

Сулучнасць веры і пастырскага служэння ў адзінстве з Рымскай Царквой была на працягу гісторыі ды застаецца і сёння каштоўнай духоўнай спадчынай Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Мінулыя цяжкія дзесяцігоддзі пераследавань хрысціян на нашых усходнеславянскіх землях пакінулі нам прыклады ўзаемадапамогі (часам у экстрэмальных умовах вязніцы), а таксама мужнага душпастырскага супрацоўніцтва паміж духавенствам і вернікамі рыма-католікамі ды грэка-католікамі нашых народаў.

У Юбілейным Годзе 1025-годдзя Хросту Кіеўскай Русі каталіцкія біскупы, духавенства і вернікі Беларусі цешацца, бачачы адраджэнне і развіццё Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і шчыра жадають, каб душпастырскія высілкі Вашага Блаславенства, Дастойных Іерархаў ды духавенства прыносілі шчодрыя плады і служылі паглыбленню супрацоўніцтва паміж католікамі ўсходняй і заходняй традыцый у справе Новай евангелізацыі сярод нашых народаў.

У духу малітвы еднасці ў Хрысце Збаўцы

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі


12.08.2013

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier