Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Казаньні і гаміліі Свята Успення Найсвяцейшай Багародзіцы  


1.Чалавека старажытнага грэка-рымскага свету, пражыўшага сваё жыццё як грамадзянін горада жывых (polis), пасля смерці выносілі за гарадскія муры, каб пахаваць яго ў горадзе мёртвых (nekropolis). Ад гэтага моманту ён ставаўся грамадзянінам горада, які перабывае пад уладаю смерці з уласцівымі ёй парадкамі і законамі.

Калі на мяжы II-III стт. пасля Хрыста, у Рыме ды іншых вялікіх гарадах Імперыі ўзнікаюць першыя хрысціянскія могілкі, хрысціяне выбіраюць для гэтых месц пахавання іхніх братоў і сясцёр у веры грэцкую назву koimeterion (г. зн. месца спачынку, сну). Бо першыя хрысціяне верылі, што пасля адыходу з гэтага свету на іх чакае не змрочнае валадарства смерці, але сустрэча з Хрыстом і супакой у чаканні «уваскрасення мёртвых і жыцця будучага веку». І нават калі ішлося пра гвалтоўную смерць падчас пераследванняў, якія ўзнікалі супраць хрысціянаў то ў адным, то ў іншым месцы тагачаснае «екумены», іхняя адвага перад абліччам смерці была такой надзвычайнай, што «гінучыя» маглі патлумачыць гэта сабе не інакш як «вар'яцтвам» (Пар. 1 Кар 1,18).

2. Калі мы адзначаем сёння падзею спачыну Божай Маці, мы ужываем для яе назву Успенне (Koimesis), якая яшчэ раз нагадвае нам гэтую праўду веры першых хрысціян.

У цэнтры сённешняга свята, і гэта добра адлюстравана на іконе Успення, нягледзячы на ягоны багародзічны характар, ёсць Хрыстос Уседзяржыцель (Pantokrator), Уладар Свету жывых і Свету памерлых. Той, Якому належаць ключы жыцця і смерці, які Сваёю смерцю перамог смерць, і, уваскросшы на треці дзень, дараваў нам вечнае жыццё. Ён трымае ў руках душу Багародзіцы, спаўняючы слова Пісання: "Душы праведных у Руцэ Божай" (Кніга Мудрасці Саламонавай 3,1). Бо Яна пры жыцці насіла Яго на руках. Бо Яна навучала людзей: "Зрабіце ўсё, што вам скажа [Мой Сын]" (Ян 2,5). Бо як Сваю Маці Ён любіў і слухаўся Яе. І калі прыйшоў час пераходу Яе з гэтага свету, першым, хто сустрэў яе ў Божым Валадарстве, быў Сам Хрыстос.

3. Але тое самае адбываецца напрыканцы жыцця кожнага хрысціяніна, які жыве ў праўдзе, які падобна да Багародзіцы зберагае Божыя словы ў сэрцы сваім (Лк 2,51), які сведчыць пра Хрыста прыкладам свайго жыцця. Таму молімся сёння, каб і мы, якія "перабываем на зямлі", мелі б "грамадзянства ў небе" (Пар. Ліст да Дыягнета 5,9), каб малітвамі і апекаю Божае Маці сталіся годнымі Божага Валадарства, якое Хрыстос нам абяцаў.

Аўтар - ераманах Лявонцій (Тумоўскі)

13.08.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier