
11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх лагераў.
Ён быў уведзены паводле рашэння ААН у памяць пра міжнароднае паўстанне вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Бухенвальд”. 11 красавіка 1945 году над Бухенвальдам залунаў сцяг свабоды.
11 красавіка 2013 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі адслужыў памінальную паніхіду на тэрыторыі лагера “Майданак” у Любліне.
У малітве ўзгадалі ўсіх беларусаў, якія былі вязнямі Майданака, а асабліва беларускіх дзяцей, якіх перавезлі ў Майданак з Берасця.
Асаблівыя памінальныя Службы за ахвяраў нацысцкіх лагераў прайшлі 10 i 11 красавіка 2013 году ў грэка-каталіцкіх парафіях Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску і св. Язафата ў Полацку.
***
Асвенцым, Майданак, Трэблінка, Бухенвальд і шмат іншых месцаў на мапе Еўропы былі ператвораныя ў прылады масавага фізічнага знішчэння людзей падчас Другой сусветнай вайны.
У пачатку вайны, згодна з гітлераўскім планам "маланкавай" вайны, меркавалася знішчыць 75% беларусаў.
Усяго ж на тэрыторыі Беларусі, па дадзеных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, створанай у 1944 годзе, налічвалася больш за 260 канцлагераў. Самыя вялікія знаходзіліся ў Мінску - у раёне Нямігі і ў Трасцянцы, а таксама ў Азарычах, Гомелі, Полацку і Бабруйску. У такіх месцах было знішчана больш за адзін мільён чатырыста тысяч чалавек.
На тэрыторыі нацысцкай Германіі і акупаваных ёй краінах было больш за 14 000 канцэнтрацыйных лагераў, у якіх чыніліся жудасныя злачынствы.
Падчас Другой сусветнай вайны праз лагеры смерці прайшло больш за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету. 12.000.000 чалавек не дажылі да вызвалення.