Пошук

Каляндар

 
нядзеля
ЖНІЎНЯ
Нядзеля 11-я

МЕНСК УНІЯЦКІ  


XVI–XIX стагодзьдзі

Дакладных зьвестак пра ўніяцкае царкоўнае жыцьцё ў Менску пасля заключэньня Фларэнтыйскай Уніі няма. Хоць нельга з дакладнасьцю сказаць, калі духавенства і парафіяне той ці іншай менскай парафіі прынялі Берасьцейскую Унію, ёсць усе падставы гаварыць пра Менск уніяцкі.

У канцы XVI стагоддзя горад падзяляўся на дзьве часткі: правабярэжную і левабярэжную. Іх злучаў гарадзскі мост, які знаходзіўся на тым месцы, дзе цяпер Няміга пераходзіць у вуліцу Максіма Багдановіча. На правым беразе Сьвіслачы вылучаўся Узьнясенскі мужчынскі манастыр, заснаваны ў канцы XV стагоддзя вялікай княгіняй Аленай Іванаўнай пры старой Узьнясенскай Царкве (гл. мапу Уніяцкія сьвятыні ў Менску). Першым архімандрытам гэтага манастыра быў Іона, які ўвайшоў у гісторыю таксама як мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Іона ІІІ. Архімандрытам гэтага ж манастыра (да ўзьвядзеньня яго на пасад мітрапаліта Кіеўскага і Галіцкага) быў таксама Міхаіл Рагоза. Сам жа манастыр стаў уніяцкім у 1613 годзе.

Знаходзіўся Узьнясенскі манастыр на тым самым месцы, дзе цяпер стаіць Міністэрства абароны Беларусі. Пры манастыры дзейнічала Узьнясенская царква, або, як запісана ў дакументах, царква Ўшэсьця Хрыстова. Крыніцы паведамляюць таксама, што ў самім манастыры мелася трапезная з царквой Пакрова Ўсесьвятой Багародзіцы. Каля 1600 г. у манастыры быў пабудаваны мураваны храм, які ў дакуменце 1630 году названы царквою Узвышэньня Пачэснага Крыжа Гасподняга.

У 1616 г. ігумен Узьнясенскага манастыра Афанасій Пакоста заснаваў на плошчы Высокага рынку (сучасная плошча Cвабоды) Сьвятадухаўскі мужчынскі манастыр. Здарылася так, што ў 1635 годзе Узьнясенскі манастыр быў далучаны менавіта да гэтага новазаснаванага манастыра. У 1675 годзе Узьнясенскі манастыр страціў статус архімандрыі. Манастыр праіснаваў да пачатку XVIII стагоддзя. Дакладная дата яго закрыцьця невядомая.

* * *

З XV стагоддзя на левым беразе Сьвіслачы вядомая таксама царква Сьвятой Тройцы, якая знаходзілася на тэрыторыі сучаснай 2-й гарадзкой клінічнай лякарні. (У той час узвышша, якое знаходзіцца на левым беразе Сьвіслачы, сталі называць Траецкаю гарою, а на тым месцы, дзе цяпер Тэатр оперы і балету, да 1930-х гг. знаходзіўся Траецкі рынак.) Паводле некаторых зьвестак, пры царкве існаваў невялікі мужчынскі манастыр. У 1635 (паводле іншых зьвестак у 1630) годзе на яго месцы быў заснаваны жаночы базыльянскі Траецкі манастыр, які праіснаваў да 1834 году. Будынкі манастыра былі прыстасаваныя для патрэб гарадзской лякарні. Манастырскі корпус і цяпер уваходзіць у бальнічны комплекс.

Не выключана, што ў сувязі з будаўніцтвам і пашырэннем Траецкага манастыра да сярэдзіны XVII стагоддзя перастаў дзейнічаць храм імя сьвятых Барыса і Глеба. Гэтая сьвятыня была адной з самых старэйшых у Менску і знаходзілася у той частцы гораду, якую цяпер называюць Траецкім прадмесьцем. Такі ж лёс напаткаў і храм у гонар Міхала Арханёла, які таксама, як лічаць некаторыя гісторыкі, знаходзіўся на Траецкай гары і пра які ёсць згадкі ў дакументах канца XVI стагоддзя.

* * *

Калі на левым беразе Сьвіслачы самым старажытным быў храм імя сьвятых Барыса і Глеба, дык на правым беразе самымі старымі лічыліся царква сьвятой Параскевы Пятніцы і манастырская царква сьвятога Міколы. Яны знаходзіліся на тэрыторыі, якую пазьней сталі называць Татарскімі агародамі. Пры манастыры сьвятога Міколы, паводле дакументаў канца XVI – пачатку XVII стагоддзяў, знаходзіўся двор кіеўскіх мітрапалітаў. У другой палове XVIII стагоддзя абедзьве царквы зьніклі.

Старажытнымі былі таксама манастыр і царква ў імя сьвятых Казьмы і Дзям'яна, што знаходзіліся паміж Ніжнім рынкам (цяпер пл. 8 Сакавіка) і самім Верхнім горадам. Вядома, што ў канцы XVI стагоддзя пры манастыры мелася школа. Калі быў заснаваны на плошчы Верхняга рынку Сьвятадухаўскі базыльянскі манастыр, то Казьмадзям’янаўскі манастыр прыпісалі да яго. У другой палове XVII ст. гэты манастыр перастаў існаваць. Пазьней на яго тэрыторыі былі пабудаваныя касьцёл сясьцёр-бернардынак (цяперашні праваслаўны Сьвятадухаўскі катэдральны сабор), а таксама дамы паноў, мяшчан і габрэяў. Вуліца, на якой стаяў манастыр, атрымала назву Казьмадзям'янаўскай (цяпер не існуе).

На правабярэжжы Сьвіслачы (на сучаснай вул. Ракаўскай) стаяла і царква сьвятога Юрыя, таму вуліца называлася Юр'еўскай. Згадка пра гэтую сьвятыню маецца ў дакументах канца XVI стагоддзя. Яшчэ адна царква ў гонар сьвятога Юрыя (Георгія) стаяла на 2-й Юр'еўскай вуліцы, што пралягала паміж сучаснымі прасьпектам Незалежнасьці і вул. Інтэрнацыянальнай. Царква, як лічаць, знаходзілася на тым месцы, дзе цяпер стаіць Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Другую Юр’еўскую царкву пабудавалі на пачатку XVIII стагоддзя, а ў 1800 г. яе перанеслі на Старажоўскія могілкі і перайменавалі ў царкву сьвятой Марыі Магдалены. Праз 30 гадоў яе разабралі. У дакументах канца XVI стагоддзя згадваюцца таксама царква ў гонар сьвятой Еўфрасіньні Полацкай і Яна Прадвесьніка, аднак гісторыкі дагэтуль ня высьветлілі, дзе гэтыя храмы стаялі.

* * *

Галоўнай жа, саборнай царквой у горадзе Менску да Уніі быў храм імя Нараджэньня Усесьвятой Багародзіцы. Ён стаяў у замку. У ім знаходзіўся Менскі абраз Божай Маці. Пасля падпісаньня Берасьцейскай Уніі за гэты храм і ікону ішла спрэчка паміж мітрапалітам Міхалам ІІ Рагозам і праваслаўнымі менскімі мяшчанамі. Гэтая спрэчка працягвалася і пры мітрапаліце Іпацію Пацею. Завяршылася яна пры мітрапаліце Іосіфе IV Вельяміне Руцкім. Саборная царква стала ўніяцкай (яна была разбурана маскоўскім войскам падчас вайны 1654–1667 гадоў), а абраз быў перанесены ў храм Сьвятога Духа, які быў пабудаваны пры мітрапаліце Міхале Рагозе ў 1598 г. у Верхнім горадзе.

Ад часу заснаваньня пры царкве Сьвятога Духа мужчынскага манастыра (1616) цэнтр уніяцкага жыцьця Менску паступова перамяшчаецца на Новае места (Верхні горад). Да гэтага манастыра, як мы ведаем, былі далучаныя Узьнясенскі і Казьмадзям’янаўскі манастыры. Сам манастыр ахопліваў плошчу паміж цяперашнімі вуліцамі Энгельса і Інтэрнацыянальнай ды плошчаю Свабоды. На тэрыторыі абнесенага сьцяною манастыра знаходзіліся манастырскі корпус, гаспадарчыя пабудовы і закладзеная ў канцы 1630-х гадоў мураваная царква Сьвятога Духа. У 1641 г. побач з мужчынскім манастыром (на сучаснай вуліцы Энгельса) мітрапаліт Антоній Сялява заснаваў жаночы Сьвятадухаўскі манастыр. Дбаньнем ігуменьні Кацярыны Сапегі пачалося будаўніцтва манастырскага корпусу (скончылася ў 1650 годзе). Да царквы Сьв. Духа была была прыбудаваная капліца, якую з жаночым манастыром злучала крытая галерэя.

Пасля захопу Менску Расійскай імперыяй царква Сьвятога Духа была пераўтворана ў праваслаўны катэдральны Петрапаўлаўскі сабор. У мужчынскім манастырскім корпусе спачатку месьцілася рэзідэнцыя праваслаўнага ўладыкі, а потым – дваранскае вучылішча, на базе якога ў 1803 годзе была заснавана мужчынская гімназія. Цяпер у гэтым будынку знаходзяцца розныя ўстановы. Жаночы базыльянскі манастыр спачатку стаў праваслаўным Петрапаўлаўскім манастыром, потым у манастырскім корпусе разьмясцілі кансісторыю, а яшчэ пазьней корпус ператварылі ў жылы дом; цяпер у ім знаходзіцца музычная школа. Царкву Сьвятога Духа (Петрапаўлаўскі сабор) у 1936 годзе ўзарвалі бальшавікі. Цяпер на яе месцы – парослы травою простакутнік.

Анатоль Сiдарэвіч

23.05.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier