Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі СВЯТЫЯ КІРЫЛА І МЯТОД СУПОЛЬНЫЯ АПЕКУНЫ ЕЎРОПЫ  


АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ ЯНА ПАЎЛА ІІ "EGREGIAE VIRTUTIS" (31.12.1980)

1.Да мужоў выключнай цноты, святых Кірылы і Мятода, ізноў звяртаюцца думкі і сэрцы у гэтым годзе, бо сёлета прыпадаюць дзве асабліва вымоўныя гадавіны; мінае якраз сто гадоў ад абвяшчэння энцыклікі Grande munus, 30 верасня 1880 года, у якой вялікі папа Леў XIII прыгадаў усёй Царкве пра асобы і апостальскую дзейнасць гэтых двух святых і адначасова уключыў іх у каляндар Каталіцкай Царквы. У той самы час спаўняецца тысяча гадоў ад з’яўлення ліста Industriae tuae, скіраванага маім папярэднікам, Янам VIII, да князя Святаполка ў чэрвені 880 года, які змяшчаў у сабе ўхвалу і заахвоту да ўжывання славянскай мовы ў літургіі, “каб на гэтай мове абвяшчалася слава і дзеі Хрыста, Госпада нашага”.

Браты Кірыла і Мятод, грэкі родам з Салуні – горада, у якім жыў і дзейнічаў св. Павал, ад пачатку свайго паклікання ўвайшлі ў цесную культурную і духоўную сувязь з Патрыярхальнай Царквой у Канстантынопалі, які ў той час быў вядомы развіццём навукі і місійнай дзейнасці; тамсама, у высокага ўзроўню канстантынопальскай школе, яны здабылі асвету. Абодва выбралі манаства, спалучаючы абавязкі манаскага паклікання з місійным служэннем, першае сведчанне якога яны далі, вырушаючы ў падарожжа для евангелізацыі хазараў у Херсанэсе Тракійскім.

Галоўным жа іх евангелізацыйным подзвігам была місія на Вялікіх Маравах, сярод народаў, якія засялялі ў той час Балканскі паўвостраў і землі над Дунаем. Сталася гэта на просьбу князя Расціслава, якая была накіравана да Імператара і Канстантынопальскай Царквы. У адказ на вымаганні свайго апостальскага служэння сярод гэтых народаў, яны пераклалі Святыя кнігі на мову славянскіх народаў для мэтаў літургічных і катэхітычных, і гэтым паклалі падмурак пад усё іхняе пісьменства. Таму яны слушна ўважаюцца не толькі Апосталамі Славянаў, але таксама айцамі культуры сярод усіх народаў і нацый, для каторых першы запіс славянскай мовы не перастае быць асноўнай кропкай адліку ў гісторыі іх літаратуры.

Кірыла і Мятод выконвалі сваё місійнае служэнне ў еднасці як з царквой Канстантынопаля, якая іх адправіла на місію, так і з рымскай сталіцай св. Пятра, якая яе пацвердзіла, і гэта было выразам еднасці Царквы, якую за часоў жыцця славянскіх апосталаў яшчэ не закранула няшчасце расколу паміж Усходам і Захадам, хаця ў адносінах Рыма і Канстантынопаля ўжо адзначалася некаторае напружанне. У Рыме Кірыла і Мятод з годнасцю былі прынятыя папам і Рымскай Царквой ды знайшлі пацверджанне і падтрымку для сваёй місійнай дзейнасці. Знаходзілі, таксама, там і абарону, калі гэтая дзейнасць з прычыны адрознасці мовы, ужыванай на літургіі, сустракала перашкоды з боку некаторых асяродкаў на Захадзе. У Рыме скончыў сваё жыццё Кірыла (14 лютага 869 года) і тут таксама быў пахаваны ў царкве св. Клімента, а Мятод быў высвечаны папам на біскупа старажытнай катэдры Сірміум і пасланы ў Маравы, каб далей там весці сваю апостальскую місію, даручаную яму Божым Провідам; разам са сваімі вучнямі гарліва і адважна дбаў пра яе развіццё сярод гэтага народа да канца свайго жыцця (6 красавіка 885 года).

2.Сто гадоў таму папа Леў XIII энцыклікай Grande munus нагадаў усёй Царкве пра незвычайныя заслугі святых Кірылы і Мятода для місіі евангелізацыі славянаў. Паколькі гэтыя сто гадоў прыпадаюць на год, у які Царква згадвае 1500-годдзе з дня нараджэння св. Бенедыкта, абвешчанага ў 1964 годзе маім шаноўным папярэднікам, Паўлам VI, Апекуном Еўропы, падалося, што гэты патранат у адносінах да усёй Еўропы стане яшчэ больш ўганараваны, калі да вялікай справы святога апекуна Захаду мы далучым асаблівыя заслугі гэтых двух братоў – Кірылы і Мятода. На карысць гэтага кажуць розныя аргументы, якія маюць гістарычную або грамадскую прыроду, якія ахопліваюць багаслоўскія і царкоўныя, а таксама культурныя аспекты ў гісторыі нашага еўрапейкага кантыненту. І менавіта таму, яшчэ ў гэтым годзе, прысвечаным асаблівай памяці св. Бенядыкта, жадаю, каб на стагоддзе энцыклікі Льва усім аргументам быў дадзены годны адказ праз абвяшчэнне святых Кірылы і Мятода Апекунамі Еўропы.

3.Бо Еўропа ў сваёй геаграфічнай цэласнасці з’яўляецца нібы пладом уздзеяння дзвюх плыняў хрысціянскай традыцыі, поруч з якімі ідуць і дзве адрозныя, але адначасова ўзаемадапаўняльныя, формы культуры. Св. Бенядыкт, каторы сваім уплывам ахопліваў не толькі Еўропу, перадусім Заходнюю і Цэнтральную, але праз бенедыктынскія асяродкі дасягнуў таксама і іншых кантынентаў, знаходзіцца ў самым цэнтры гэтай плыні, якая бярэ пачатак у Рыме, у сталіцы наступнікаў апостала Пятра. Святыя браты з Салуні падкрэсліваюць найперш унёсак старажытнай грэцкай культуры і абсяг уздзеяння Канстантынопальскай Царквы і ўсходняй традыцыі, якая глыбока ўвайшла ў духоўнасць і культуру шматлікіх народаў і нацыяў на ўсходняй частцы еўрапейскага кантыненту. Вось жа цяпер, калі пасля стагоддзяў царкоўнага разладу паміж Усходам і Захадам, паміж Рымам і Канстантынопалем, ад часу Другога Ватыканскага сабору былі зробленыя рашучыя крокі ў кірунку з’яднання, выдаецца, што абвяшчэнне святых Кірылы і Мятода Супольнымі Апекунамі Еўропы поруч са святым Бенядыктам поўнасцю адпавядае знакам нашага часу. Асабліва, калі гэта адбываецца ў год, у якім дзве Царквы, Каталіцкая і Праваслаўная, увайшлі ў вырашальную фазу дыялогу, які распачаўся на востраве Патмас, звязанага з традыцыяй св. Яна Евангеліста. Няхай сённяшняя пастанова служыць памяткай гэтай даты. Гэтая пастанова няхай адначасова будзе для сучасных людзей сведчаннем важнасці абвяшчэння Евангелля, даверанага Царкве Хрыстом, для якога рупіліся два браты – апосталы славянаў. Абвяшчэнне Евангелля сталася шляхам і сродкам узаемнага пазнання і адзінства сярод розных народаў Еўропы, якая тады нараджалася; яно забяспечыла цяперашняй Еўропе супольную духоўную і культурную спадчыну.

4.Дык няхай міласэрнасцю Найсвяцейшай Тройцы, праз заступніцтва Багародзіцы, знікне тое, што дзеліць Цэрквы, а таксама народы і нацыі; а адметнасці традыцый і культур стануць узаемным дапаўненнем супольнага багацця. Няхай усведамленне гэтага духоўнага скарбу, які ў розны спосаб ставаўся ўдзелам асобных грамадстваў еўрапейскага кантыненту, дапаможа трываць сучасным пакаленням ва ўзаемнай павазе да сапраўдных правоў кожнага народу і ў супакоі, не перастаючы аддаваць належнае супольнаму дабру усяго чалавецтва і будучыні чалавека на зямлі. Таму, пасля глыбокага даследвання і сталага разважання, на падставе поўні апостальскай улады, сённяшнім лістом устанаўляю і абвяшчаю назаўсёды святых Кірылу і Мятода нябеснымі Супольнымі Апекунамі ў Бога ўсёй Еўропы, з усімі адзнакамі глыбокай пашаны і літургічнымі прывілеямі, якія паводле закону належаць галоўнаму Апекуну месца.

Мір людзям добрай волі!

У Рыме, ля гробу св. Пятра, пад пярсцёнкам Рыбака,
дня 31 снежня 1980 года, на трэцім годзе пантыфікату.

Аўтар - ЯН ПАВАЛ ІІ, ПАПА

14.02.2013

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier