Пошук

Каляндар

 

Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь аб рашэнні Папы Бэнэдыкта ХVI скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка св. Пятра  


Паведамленне Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь аб рашэнні Папы Бэнэдыкта ХVI скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка св. ПятраАпостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што сёння падчас звычайнай кансісторыі Яго Святасць Папа Бэнэдыкт ХVI аб'явіў аб сваім рашэнні скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка св. Пятра. Гэтае рашэнне ўступае ў сілу 28 лютага 2013 года ў 20.00 рымскага часу.

Вось словы Рымскага Пантыфіка, сказаныя падчас кансісторыі:

«Я паклікаў вас на гэтую Кансісторыю не толькі па прычыне трох кананізацый, але і паведаміць вам рашэнне, якое мае вялікае значэнне для жыцця Касцёла. Разважыўшы гэта шмат разоў у сумленні перад Богам, я набыў упэўненасць, што па прычыне сталага ўзросту мае сілы не дастатковыя, каб належным чынам ажыццяўляць служэнне св. Пятра. Я цалкам усведамляю, што гэтае служэнне ў сваёй духоўнай сутнасці павінна выконвацца не толькі праз дзеянні і словы, але не ў меншай ступені праз цярпенне і малітву. Аднак, каб кіраваць лодкай св. Пятра і абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, схільным да хуткіх змен і хваляваным пытаннямі, якія маюць вялікае значэнне для жыцця веры, неабходная як сіла цела, так і духу, якая ў апошнія месяцы аслабела ў мяне настолькі, што я павінен прызнаць сваю няздольнасць добра выконваць даручанае мне служэнне. Таму, цалкам усведамляючы сур’ёзнасць гэтага акту, у поўнай свабодзе, я заяўляю, што я адмаўляюся ад служэння Рымскага Біскупа, Наступніка св. Пятра, ускладзенага на мяне кардыналамі 19 красавіка 2005 г., так, што з 28 лютага 2013 г., ад 20.00, рымскі пасад, Пасад св. Пятра, будзе звольнены (sede vacante), і паўстане неабходнасць, каб тыя, хто мае кампетэнцыі, склікалі канклаў для абрання новага Папы.

Дарагія браты, я дзякую вам ад усяго сэрца за ўсю любоў і працу, праз якую вы неслі са мной цяжар майго служэння, і прашу прабачэння ўсіх маіх недахопаў. Цяпер мы давяраем святы Касцёл апецы Найвышэйшага Пастыра, Пана нашага Езуса Хрыста, і просім Яго Найсвяцейшую Маці Марыю, каб дапамагала сваёй мацярынскай дабрынёй Айцам Кардыналам у абранні новага Папы. Калі гаворка ідзе пра мяне, у будучыні я хачу служыць усім сэрцам, усім адданым малітве жыццём, Святому Божаму Касцёлу».


(Пераклад слоў Папы паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё)
Паводле Catholic.by

11.02.2013

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier