Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі 3-я нядзеля пасьля Тройцы  


Ев. Мацьвея 6:22-33
Прысьвяціць усё сваё жыцьцё Богу


Дарагія браты і сестры!

1. У Евангельскім чытаньні мы чулі ўрывак з, так званага, казаньня Ісуса на гары, дзе Ён заклікае нас аддаць усё сваё жыцьцё Богу, бо немажліва служыць двум гаспадарам. Трэба прыняць гэтае рашэньне раз і на заўжды, каб мы маглі з апосталам Паўлам сказаць: “Жыву ўжо не я, а жыве ва мне Хрыстос!”

Цудоўна пра гэта піша вялікі абаронца нашай веры Клайв Льюіс у сваім творы “Проста хрысьціянства”. Ен падае наступны прыклад. У бітве або пры ўзыходжаньні на гару часам неабходна зрабіць нешта вельмі цяжкае; тое, што патрабуе высілкаў і мужнасьці. Аднак гэта ж забяспечыць самую дакладную бясьпеку. Калі вы гэтага ня зробіце, то праз некалькі гадзін апынецеся ў большай небясьпецы. Баязлівы ўчынак будзе і самым неразумным.

2. Менавіта так адбываецца ў хрысьціянстве. Жудасна, амаль немагчыма аддаць сябе, усе свае жаданні, усе клопаты пра сябе ў рукі Хрыста. Але гэта значна лягчэй, чым тое, што імкнемся рабіць мы. Бо мы імкнемся застацца "самімі сабою", не адмаўляемся ад асабістага шчасьця як ад галоўнай сваёй мэты, і ў той жа час спрабуем быць "добрымі". Мы імкнемся не перашкаджаць розуму свайму і сэрцу, калі яны засяроджваюцца на марах аб багацьці, на славалюбівых планах, на імкненьні да задавальненьняў, і спадзяемся, нягледзячы на гэта, паводзіць сябе праўдзіва, нявінна і сьціпла. Менавіта супраць гэтага засьцерагаў нас Хрыстос. Ён казаў, што смоквы не растуць на дзядоўніку. Поле, якое засеялі травой, не прынясе ўраджая пшаніцы. Калі вы будзеце рэгулярна касіць траву, вам атрымаецца захаваць яе кароткай. Але пшаніцы на гэтым полі ўсё-такі не будзе. Каб яно дало пшаніцу, трэба яго змяніць - глыбока пераараць і засеяць зноўку.

3. Ёсьць розьніца паміж алейнай фарбай, якая пакрывае толькі паверхню, і фарбавальнікам, які прасяквае прадмет наскрозь. Хрыстос ніколі не прамаўляў смутных ідэалістычных фраз. Кажучы: "будзьце дасканалыя", Ён меў на ўвазе менавіта гэта. Ён разумеў, што мы павінны прайсьці поўны курс лекаваньня. Гэта цяжка, але кампрамісу, якога мы прагнем, дасягнуць непараўнальна цяжэй, гэта проста немагчыма. Яйку, верагодна, цяжка ператварыцца ў птушку; аднак, яму непараўнальна цяжэй навучыцца лётаць, застаючыся яйкам. Мы з вамі падобныя яйку. Але мы не можам бясконца заставацца звычайным, прыстойным яйкам. Альбо мы вылупімся з яго, альбо яно сапсуецца. Трэба зрабіць выбар. У гэтым і складаецца ўсё хрысьціянства; больш у ім няма нічога.
Немажліва жыць адначасова для Бога і шукаць сваей выгады, упадабаньняў, прыемнасьцяў. Нельга прысьвяціць частку сэрца Богу, а частку пакінуць для сваей карысьці. Рана ці позна гэта закончыцца руінай. Такому чалавеку Бог кажа: “Ведаю дзеі твае. Ты ні халодны, ні гарачы. Але як што ты цеплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў маіх” (Адкрыцьце 3:15-16).

Дарагія браты і сестры!

Будзем старацца з усіх сілаў прысьвяціць усё сваё жыцьцё Богу. Ен вартуе гэтага. Наш Бог столькі зрабіў для нас і паўсякчас робіць, што мы проста абавязаныя адплаціць яму ўдзячнасьцю і служыць яму ўсім сэрцам.

Аўтар - а. Антон (Нікалаеў)

16.06.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier